Па натхненне – у Дом рамёстваў

Апублiкавана: 06 студзеня 2025 Стужка Традыцыі Віцебск і воблась Тэма

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Дырэктар Аршанскага Дома рамёстваў Уладзімір Сакалоў кіруе ўстановай шмат гадоў. І ўпэўнены, што працуе яна паспяхова. З ім згодныя вышэйшае мясцовае кіраўніцтва і жыхары горада, якія маюць магчымасць ацэньваць работу калектыву штодня.

НА РОЗНЫ ГУСТ І ЎЗРОСТ

У Доме рамёстваў дзейнічаюць 18 розных аб’яднанняў. У іх займаюцца 196 чалавек. Гэта гурткі разьбы па дрэве, лозапляцення, керамікі, ласкутнага шыцця, выцінанкі, вышыўкі, народнага касцюма, дэкаратыўнага роспісу ды іншыя. Яны рэгулярна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. 

Дырэктар Аршанскага Дома рамёстваў Уладзімір Сакалоў

Асобным гонарам установы з’яўляюцца тры калектывы са званнем “народны”. У іх занята каля 80 чалавек. Гэта студыя майстроў народных мастацкіх рамёстваў, аб’яднанне “Натхненне” і студыя разьбы па дрэве “Адроў”. 

Аршанскі Дом рамёстваў пачаў сваю працу ў 1994 годзе. Першапачаткова ён размяшчаўся ў маленькім драўляным будынку былой карчмы па вуліцы Пралетарскай, а ў 2008-м пераехаў у будынак былой бурсы пры езуіцкім калегіуме, дзе і знаходзіцца дасюль.

Пэўную ўвагу ў Доме рамёстваў надаюць працы з людзьмі пенсійнага ўзросту. Для іх важныя стасункі і самарэалізацыя, таму яны вельмі актыўныя. Іх рукамі ствараецца да 40% вырабаў, прызначаных для рэалізацыі. А 60% — рамесная прадукцыя работнікаў установы. 

ДА ЗНАЧНЫХ ДАТ 

Уладзімір Сакалоў расказвае, што калектыў мае план па выпуску тэматычных вырабаў да значных дат, якія шырока адзначаюцца ў Аршанскім раёне. Прадукцыя паступова назапашваецца і здаецца на рэалізацыю менавіта тады, калі на яе максімальны попыт. Дзякуючы гэтаму план па аказанні платных паслуг установай пастаянна выконваецца. 

Народны майстар Рэспублікі Беларусь Галіна Кутузава падчас майстар-класа

Напрыклад, сёлета Дом рамёстваў актыўна ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях, прысвечаных 80годдзю вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Майстры падрыхтавалі чатыры тэматычныя плакеткі і пано, якія перадалі ў Ваеннагістарычны музей імя Героя Савецкага Саюза К.С. Заслонава. На пано — выява выдатнага савецкага кінаакцёра Уладзіміра Пятровіча Заманскага, які падчас Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у вызваленні Аршаншчыны ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Цяпер ветэран жыве ў расійскім горадзе Мураме, яму ўжо 96 гадоў. Работнікі ўстановы даслалі былому франтавіку пано якраз на 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 

УНІКАЛЬНЫЯ МАЙСТРЫ 

— Мы плённа працуем вось ужо трыццаць гадоў, — кажа Уладзімір Сакалоў. — Сёлета ў верасні адсвяткавалі юбілей. У нашай камандзе выраслі тры народныя майстры Рэспублікі Беларусь. Гэта лічым вялікім дасягненнем. Бо такое званне прысвойваецца чалавеку назаўжды. Такія ўмельцы напералік па ўсёй краіне. Сярод іх, напрыклад, нашы Галіна Міхайлаўна Кутузава, Таццяна Васільеўна Шынкарова, легендарны разьбяр Сямён Сцяпанавіч Шаўроў. 

Яшчэ адна ўнікальная асаблівасць Аршанскага Дома рамёстваў — творчая майстэрня “Картузаршы”. Тут змаглі адрадзіць вытворчасць папулярных у пазамінулым стагоддзі мужчынскіх галаўных убораў. І сапраўдны традыцыйны беларускі картуз можна сёння набыць толькі ў Оршы. 

ЗАЎСЁДНІКІ З ФАНТАЗІЯЙ 

Пастаянныя наведвальнікі Дома рамёстваў — школьнікі. Падчас нашага візіту ва ўстанову тут гасцявалі выхаванцы 2й гарадской гімназіі. Дзяўчынкі пад кіраўніцтвам Галіны Васільеўны Баграцовай захоплена асвойвалі выраб лялькі Радасцеі — берагінігаспадынькі. Галіна Міхайлаўна Кутузава дзялілася з дзецьмі сакрэтамі бісерапляцення. А Таццяна Васільеўна Шынкарова дапамагала хлапчукам самавыяўляцца ў лепцы з гліны. Хтосьці зрабіў маленькага ваўка, хтосьці — мядзведзя. А адзін хлопчык стварыў цэлую групу мініяцюрных фігурак: “Люблю вулканы, вось і зляпіў”. 

У Аршанскім Доме рамёстваў кожны знойдзе сваё натхненне і занятак па душы. 

Віктар Гаўрыш 

Фота аўтара