Галерэя “Універсітэт культуры” прэзентавала выставу “Ад прадзедаў...”. На ёй прадставілі работы лаўрэатаў і дыпламантаў фестывалю “Сузор’е”.
Фестываль накіраваны на захаванне і развіццё беларускай нацыянальнай культуры, павышэнне мастацкага ўзроўню народнай творчасці, папулярызацыю найлепшых узораў музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, выяўленчага, дэкаратыўнапрыкладнога і іншых відаў ды жанраў народнага мастацтва. Мерапрыемства заахвочвае да заснавання ў працоўных, адукацыйных і асветных установах самадзейных калектываў, гурткоў, студый, аб’яднанняў па інтарэсах, спрыяе сумеснай рабоце творцаў — аматараў і прафесіяналаў, выяўленню і падтрымцы найлепшых з іх. Падзея збірае вялікую колькасць удзельнікаў: навучэнцаў, студэнтаў ды іншых маладых людзей.
Заснавальнікі і арганізатары праекта “Ад прадзедаў…” — упраўленне культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і ўстанова “Мінскканцэрт”. Да ініцыятывы далучаюцца народныя і ўзорныя калектывы выяўленчага і дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва.
У экспазіцыі прадэманстравалі творы сучасных майстроў, якія з павагай і разуменнем падыходзяць да традыцый, бяруць адказнасць за захаванне і трансфармацыю нашай культурнай спадчыны ў мастацтва, прыўносяць у яе сваю індывідуальнасць і свежыя погляды. На выставе паказалі графіку, жывапіс, вышыўку, ткацтва, саломапляценне, выцінанку, кераміку і многае іншае. Кожная работа — вынік творчага пошуку ды імкнення да самавыяўлення, адлюстраванне адгалоскаў далёкага мінулага і надзеі на будучыню.
Начальнік аддзела па рабоце з калектывамі народнай творчасці ўстановы “Мінскканцэрт” Марына Сенчанка, каментуючы праект, падзякавала ўдзельнікам фестывалю, іх педагогам і членам атэстацыйнай камісіі за адданасць творчасці і справе захавання традыцый народнага мастацтва.
Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута адзначыў, што падвядзенне вынікаў фестывалю і ўшанаванне яго лаўрэатаў і дыпламантаў сімвалічна супалі з прыняццем камісіяй ЮНЕСКА рашэння аб уключэнні беларускай выцінанкі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Яўген Міхайлавіч падкрэсліў, што выстава ахапіла амаль усе віды народнага мастацтва, якія зберагліся да сёння ці былі адроджаны ў краіне апошнім часам. Гэта ілюструе пераемнасць традыцый і дае ўпэўненасць у далейшым захаванні ды развіцці здабыткаў нашых продкаў.
Загадчык кафедры дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Рыгор Шаура сказаў, што праца такой экспазіцыі ў самым сэрцы сталіцы сведчыць аб вялікай увазе да творчасці юных майстроў і прызнанні іх заслуг. Па словах Рыгора Фёдаравіча, удзельнікі праекта, безумоўна, не павінны быць упушчаны з поля зроку і пазней могуць стаць абітурыентамі БДУКМ.
Алена Шаціла, старшы выкладчык кафедры дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, член атэстацыйнай камісіі фестывалю “Сузор’е”, канстатавала: у рамках выставы “Ад прадзедаў…” народную творчасць упершыню прэзентавалі ў прафесійнай галерэі “Універсітэт культуры”. Педагог спадзяецца, што экспазіцыя натхніла наведвальнікаў на пошукі ў мастацтве і дзякуючы гэтаму праз тры гады фестываль “Сузор’е” зможа прадставіць новыя імёны майстроў.
Эксперты адзначылі вялікі патэнцыял юных аўтараў і высокі ўзровень іх работ. Была падкрэслена актуальнасць праекта, а таксама ацэнены ўнёсак педагогаў дзіцячых студый і кіраўнікоў самадзейных калектываў у засваенне моладдзю народных звычаяў.
Развіццё беларускай нацыянальнай культуры і аматарскіх мастацкіх праектаў, папулярызацыя традыцый — адзін з прыярытэтных напрамкаў у працы з творчай прасторай краіны. Дзейнасць кожнага з прадстаўленых майстроў пасвойму ўнікальная і самабытная. Яны не баяцца эксперыментаваць, спалучаючы класічныя элементы са свежымі тэндэнцыямі. Такім чынам нараджаюцца новыя культурныя з’явы, якія адпавядаюць запытам часу.
Антон РУДАК
Фота аўтара