На­тхня­льнае свята

Апублiкавана: 03 студзеня 2025 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Паланэз, полька, шапелуаз. Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі адбыўся ў Мінску. Гэта адна з самых прыгожых традыцый суверэннай Беларусі. У мерапрыемстве паўдзельнічаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Свята разгарнулася 24 снежня ў зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці, куды запрасілі найлепшых прадстаўнікоў адоранай і таленавітай моладзі з усіх рэгіёнаў краіны — амаль 330 чалавек. З прывітальным словам да іх звярнуўся Кіраўнік дзяржавы. 

— Сёння ў наш Палац Незалежнасці прыйшло яркае, прыгожае свята. Натхняльнае свята. Свята, галоўным аздабленнем якога з’яўляецеся вы, нашы дарагія ўдзельнікі навагодняга балю, — сказаў лідар. — Для мяне вельмі важна, каб вы адчулі гэтае свята, асаблівую атмасферу Палаца — сімвала нашай незалежнасці. Паглядзелі з яго вокнаў на Мінск, убачылі, што родная Беларусь — краіна магчымасцей. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: важна і тое, каб юнакі і дзяўчаты, знаходзячыся тут сярод людзей розных узростаў, статусаў, пасад, адчулі сутнасць укладу нашага грамадства. У ім усе роўныя ў магчымасцях, а змена пакаленняў грунтуецца на пашане да гістарычных дасягненняў народа і — абавязкова — на пераемнасці. 

З гэтай ідэяй Прэзідэнт і прыйшоў калісьці ў вялікую палітыку — захаваць пераемнасць. 

— Такая праўда жыцця і філасофія поспеху: хочаш падняцца яшчэ вышэй — не ламі пабудаваную да цябе пакаленнямі апору. Абапірайся на яе і ідзі наперад, — заявіў лідар. 

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што баль дорыць маладым людзям шмат шанцаў знайсці сяброў, паразмаўляць з тымі, чый жыццёвы вопыт можа стаць сур’ёзным арыенцірам. 

Прэзідэнт павіншаваў усіх з Новым годам, пажадаў быць шчаслівымі і заклікаў берагчы нашу Беларусь. 

Танцавальная праграма распачалася з традыцыйнага паланэза ад дэбютантаў. Затым закружыў вальс. Да яго, як заўжды, далучыўся і Аляксандр Лукашэнка. Сёлетняй навінкай стаў шапелуаз. У астатнім баль, як звычайна, уключаў кракавяк, польку, галоп, падэпатынер, паўночную кадрылю і бурэ. Класічную частку завяршыў флэшмоб пад кампазіцыю “Потолок ледяной…” у выкананні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, які суправаджаў усю музычную праграму. 

Адвольная частка праду гледжвала больш свабодны фармат. Калі залу пакінулі высокія госці, хлопцы і дзяўчаты паўдзельнічалі ў майстаркласе па чачача, у танцавальнай бітве з прафесіяналамі і ў флэшмобе: рокн рол, танга, румба, стэп. А пасля моладзь весялілася пад сучасныя кампазіцыі ў выкананні пераможцаў і лаўрэатаў розных конкурсаў і фестываляў. Пакідаючы Палац Незалежнасці, кожны, напоўнены яркімі ўражаннямі і незабыўнымі эмоцыямі, нёс з сабой навагоднія падарункі ад Кіраўніка дзяржавы.