Выстава пад такой назвай працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы. У экспазіцыі — больш за 40 твораў Віктара Барабанцава. Аб’яднаныя зімовай тэмай палотны напоўнены шчасцем і марамі — прадчуваннем свят.
Пераднавагоднія прыгатаванні, калядныя гулянні, дзіцячая мітусня, заснежаныя краявіды — карціны знакамітага мастака прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Віктара Барабанцава вылучаюцца глыбінёй, шматзначнасцю, сэнсавай прасторай, сюжэтнасцю.
Віктар Кірылавіч — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” і нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
Асаблівае месца ў творчасці Віктара Барабанцава і на выставе зай мае тэма беларускіх народных свят, у тым ліку Каляд. Майстар арганічна спалучае прыроду, культурную традыцыю і сучаснасць. Аўтар любуецца пейзажамі і, апяваючы іх прыгажосць, аддае перавагу пленэрнаму жывапісу — таму ў экспазіцыі шмат намаляваных з натуры работ.
“Зімовыя дзівосы” — гэта партрэт Беларусі, святочна ўпрыгожаны, насычаны надзеямі і прадчуваннямі, лірычны, вясёлы і шчаслівы.