Напярэдадні навагодніх святаў у кожным кутку нашай неабсяжнай краіны ўжо які год праходзіць дабрачынная рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці”. Галоўная мэта акцыі - падарыць радасць і цяпло тым дзецям, якія асабліва ў гэтым маюць патрэбу і сумеснымі намаганнямі стварыць для іх сапраўднае свята! Гэта не проста калядная акцыя, гэта самы сапраўдны сімвал бескарыслівасці і яднання народа дзеля адінай мэты.
На навагоднім тэатралізаваным паказе ў Смаргонскім раённым цэнтры культуры сабралася амаль 400 дзяцей.
Дабрачынны спектакль "Сэрца Марыі” па матывах твора “Шчаўкунок” адбыўся ў рамках рэспубліканскай акцыі для смаргонскіх дзяцей. Артысты народнага тэатральнага калектыву “СМОЛТ” падарылі маленькім гледачам чароўнае падарожжа ў свет казкі, цяпла і дабра. З прыемным трапятаннем у душы гледачы назіралі за любімымі героямі. Яркія касцюмы, захапляльная музыка і танцы, таленавітая гульня акцёраў стварылі непаўторную атмасферу свята.
Спектакль не пакінуў абыякавым ніводнага гледача. Дзеці з заміраннем сэрца сачылі за развіццём сюжэту, суперажывалі героям і ад душы радаваліся перамозе дабра над злом!
Акрамя спектакля, маленькіх гасцей чакала яшчэ адно “свята” ля прыгажуні-ёлкі, дзе яны гулялі ў вясёлыя гульні, вадзілі карагоды з казачнымі персанажамі, а Дзед Мароз і Снягурка, якія зазірнулі ў госці, не пакінулі дзяцей без падаруначкаў і масы пазітыўных эмоцый!
Ілона СМАГУР,
загадчык сектара рэкламы і менеджмента Смаргонскага раённага цэнтра культуры