Майстар-клас для студэнтаў і выкладчыкаў творчых ВНУ сталіцы правёў старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Расіі, народны артыст РФ Уладзімір Машкоў. Сустрэча адбылася 6 снежня ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і стала арганічным працягам супрацоўніцтва ў рамках падпісаных пагадненняў.
На пачатку мерапрыемства прагучала прывітальнае слова рэктара Міхаіла Баразны.
— Тэатр і кіно — найбольш эмацыянальна адкрытыя віды мастацтва. Яны абуджаюць самыя добрыя пачуцці, — адзначыў ён. — У нас ужо выступалі знакамітыя акцёры і творчыя калектывы, і вялікае шчасце бачыць тут Уладзіміра Машкова.
Падзякаваў вядомаму артысту і старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арэндарэвіч. Ён падкрэсліў, што дасягнутае супрацоўніцтва дапамагае стварэнню і ўзбагачэнню культуры Саюзнай дзяржавы.
Выступленне Уладзіміра Машкова пачалося з разважання пра важныя аспекты акцёрскага майстэрства.
— Для артыста не існуе фінальнай кропкі ў працэсе навучання. Развівацца і ўдасканальвацца на працягу ўсяго жыцця — вось галоўная мэта, — шчыра звярнуўся да прысутных спікер. — Неверагодна важны ў прафесіі акцёра і момант спазнання, бо наша задача не проста граць, а перадаваць самыя розныя паводзіны. А гэта патрабуе ўважлівага даследавання чалавечай псіхалогіі. Усяліць у сябе персанажа, даць яму свае рукі, ногі і думкі, нават калі сам думаеш інакш, — вось у чым заключаецца сапраўднае майстэрства. І каб не ісці інстынктыўна, пачніце з вывучэння падручніка псіхалогіі.
Наступнае важнае пытанне, на якое звярнуў увагу народны артыст Расіі, — неабходнасць размежавання эмоцый і пачуццяў.
— Ісціна запалу, эмоцый і праўдападабенства пачуццяў у прапанаваных абставінах — гэтага патрабаваў Канстанцін Станіслаўскі. Формула актуальная і цяпер, — адзначыў Уладзімір Машкоў. — Важна перадаць сапраўды эмацыянальны стан героя!
Падзяліўся майстар і сакрэтамі паспяховага ўзаемадзеяння акцёра і рэжысёра:
— Ёсць тры складнікі прадуктыўнай размовы. Па-першае, рэжысёр не павінен хаваць сваю задуму ад акцёра, яны павінны падзяліць яе. Па-другое, неабходная арганічнасць дыялогу, па-трэцяе — здольнасць да бясстрашнага імправізацыйнага пошуку.
Таксама Уладзімір Машкоў абмеркаваў са студэнтамі розніцу паміж працай на сцэне і на здымачнай пляцоўцы, адказаў на пытанні моладзі і падзяліўся захапляльнымі гісторыямі з жыцця і творчасці.
— Існаванне ў тэатры і кіно патрабуе бесперапыннага пазнання, да якога прапаную рухацца і вам, — падсумаваў ён.
Удзельнікі майстар-класа з удзячнасцю ўспрынялі парады артыста.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з сайта БДАМ