Дзеля агульнай справы

Апублiкавана: 26 снежня 2024 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Ролю тэатра і кіно ў фарміраванні духоўна-маральных каштоўнасцей грамадства абмеркавалі падчас круглага стала 5 снежня ў Мінску. Сярод арганізатараў мерапрыемства — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, творчыя саюзы Беларусі і Расіі, прадстаўнікі Рассупрацоўніцтва.

Як адзначыў міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі, гэтая сустрэча — гістарычна важны момант, пачатак новай эпохі ва ўзаемаадносінах двух блізкіх народаў. 

— Нашае партнёрства развіваецца на працягу 30 гадоў. Але здзейснена далёка не ўсё, што павінна. Нас чакаюць новыя дасягненні, чаму я рады як дзеяч культуры, дзяржаўны чыноўнік і грамадзянін сваёй краіны, — сказаў Руслан Іосіфавіч. 

Гаворачы аб развіцці айчыннага кінематографа, міністр падкрэсліў, што Беларусь мае каласальны вопыт у творчым адлюстраванні тэмы Вялікай Айчыннай вайны і гатовая дзяліцца сваімі напрацоўкамі ў гэтым кірунку з расійскімі калегамі. 

— Ёсць дакладнае бачанне і стратэгія таго, як кіно ў Беларусі можа і павінна развівацца. Мы валодаем вялікім патэнцыялам, каб здымаць самім і дапамагаць нашым партнёрам, — заўважыў Руслан Чарнецкі. 

На вялікія перспектывы супрацоўніцтва ўказаў і народны артыст, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Расійскай Федэрацыі Уладзімір Машкоў

— Вынікам сумеснай работы стане не толькі ўмацаванне прафесійных сувязей, але і зацвярджэнне агульначалавечых каштоўнасцей, да якіх імкнуцца нашы краіны, — адзначыў ён. 

Народны артыст Расіі расказаў пра фільм “У спісах не значыўся” — пазітыўны прыклад супрацоўніцтва Беларусі і Расіі: 

— Здымкі пачаліся летам у Брэсце. Карціна заснаваная на аднайменным рамане Барыса Васільева і прысвечана гісторыі абароны Брэсцкай крэпасці. Гэты дзіўны літаратурны матэрыял — адлюстраванне рэальных падзей мінулага. Прэм’ера плануецца на 1 мая 2025 года. Абавязкова прыедзем, каб паказаць стужку беларускаму гледачу напярэдадні святкавання Вялікай Перамогі. 

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін прысвяціў сваё выступленне праблеме маральнага прызначэння кінамастацтва. Яно, па словах Уладыкі, павінна акультурваць і ўзвышаць чалавека, выклікаць найлепшыя, дабрадзейныя пачуцці, і правіла гэтае застаецца нязменным на працягу ўсёй нашай гісторыі. 

Сваім меркаваннем па абазначанай тэме таксама падзяліліся ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арэндарэвіч, іншыя ўдзельнікі. 

Напрыканцы ўрачыстай сустрэчы адбылося падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж трыма творчымі аб’яднаннямі Беларусі — кінематаграфістаў, тэатральных дзеячаў і пісьменнікаў — і Саюзам тэатральных дзеячаў Расійскай Федэрацыі.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ