Дру­гое жыц­цё Ва­ло­жын­скай ешы­вы

Апублiкавана: 26 снежня 2024 Стужка Музеі Мiнская вобласць

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Сёлетнія абласныя “Дажынкі” на Міншчыне адзначыліся падзеяй, вартай не толькі пераймання, але і ўзвядзення ў ранг новых традыцый старадаўняга свята. У Валожыне з’явіўся музейны аб’ект, здольны ўразіць і здзівіць любога. А горад атрымаў новую прыгожую і ўтульную мясціну — і новую культурную пляцоўку.

ЗА МЯСЦОВЫЯ СРОДКІ 

Пераўвасабленне Валожынскай ешывы лішні раз засведчыла, які добры плён могуць прынесці здаровыя амбіцыі і руплівая праца мяс цовых уладаў на ніве адраджэння спадчыны. Важна падкрэсліць, што гэты маштабны праект быў рэалізаваны за сродкі абласнога бюджэту Міншчыны. Ды і часу спатрэбілася няшмат — усяго два гады. 

Як распавяла дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая, ідэю стварыць у Валожыне ўнікальны музей горача падтрымаў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын. Нямала высілкаў прыклала і абласное ўпраўленне культуры. 

"Рабін і паэт" ля ешывы

Над рэстаўрацыяй ешывы працавала цэлая каманда прафесіяналаў пад навуковым кіраўніцтвам прафесара БДУ Ігара Духана. Само архітэктурнае рашэнне шмат у чым абумоўлівае экспазіцыю, якую стваралі супрацоўнікі раённага музея. У выніку аб’ект выглядае цэласным і дбайна прадуманым. 

ВЯРТАННЕ Ў “АТЛАНТЫДУ”

Як пісаў у 1910 годзе Ядвігін Ш., у свеце не знойдзецца ніводнага яўрэя, які б не чуў пра Валожынскую ешыву. Навучальная установа, у якой артадаксальныя іўдзеі рупліва штудзіравалі Тору і Талмуд, славілася далёка за межамі краю — вучні ехалі сюды нават з Амерыкі! 

Аднак гэта адбывалася нібы ў мінулым жыцці. Свет местачковага яўрэйства быў цалкам зніштожаны нацыстамі. Засталіся па ім нешматлікія матэрыяльныя сведчанні. Будынак Валожынскай ешывы — адно з іх. 

РАБІН І ПАЭТ 

На пачатку работ ешыва пазбавілася даху, ад яе засталася толькі “каробка”. Як патлумачыла навуковы супрацоўнік музея Ніна Бобрык, стан будынка быў амаль аварыйным, таму лядашчыя канструкцыі давялося ра забраць. 

І вось на вачах у здзіўленых мінакоў замест непрыгляднага будынка вырасла прэзентабельная старасвецкая камяніца — зразумела ж, з новым дахам. Фасады пафарбаваныя ў густоўны бэжавы колер, на іх карпатліва адноўленыя даўно страчаныя дэкаратыўныя элементы. 

Перайначылася і навакольная прастора. Замест паркоўкі з’явіўся дагледжаны газон. А на ім — добры ўзор сучаснай гарадской скульптуры. Па словах Ніны Бобрык, выбар такой мадэрнісцкай пластыкі невыпадковы: рэалістычныя выявы людзей у іўдаізме не надта віталіся. 

Алтарная шафа — арон-а-кодэш

Скульптар Дзмітрый Аганаў выявіў той дыялог паміж рабінам і паэтам, які сапраўды мог адбывацца на гэтым месцы! Адным з навучэнцаў ешывы быў Хаім Бялік — будучы знакаміты яўрэйскі паэт. Пра што ж ён мог размаўляць з настаўнікам? Аб гэтым вы абавязкова даведаецеся ўнутры камяніцы. 

СЦЕНЫ ЯК ЭКСПАНАТ 

Калі аднавіць элементы дэкору было магчыма дзякуючы ацалелым старым здымкам, з музейнай экспазіцыяй справа куды больш складаная. Інтэр’еры ешывы не захаваліся (нейкі час у будынку быў рэстаран), мэбля, кнігі ды іншыя прадметы тых часоў таксама зніклі. 

Археолагі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, якія праводзілі раскопкі напярэдадні будаўнічых работ (рэгламент, вызначаны Кодэксам аб культуры, вытрымліваўся строга), выявілі хіба аскепкі — у літаральным сэнсе слова — былой цывілізацыі. Сёння гэтыя фрагменты беражліва змешчаныя ў музейныя вітрыны. Але ж экспазіцыю на іх не збудуеш. Яны ўражваюць наведвальніка толькі адным: як жа мала засталося ад такой вялікай гісторыі! 

Арыгінальны артэфакт, па сутнасці, ацалеў толькі адзін. Ніна Бобрык звяртае ўвагу на аронакодэш — адмысловую нішу ў сцяне, дзе захоўвалася Тора. Рэстаўратары аднавілі дэкаратыўныя элементы, якія абрамлялі сакральнае месца. 

Зрэшты, не менш каштоўны музейны прадмет — самі сцены ешывы, пашарпаныя і нібы набрынялыя гісторыяй. Яны эфектна праэкспанаваныя дзякуючы зандажам і таму ўражваюць аўтэнтыкай. 

Але чым запоўніць музейную прастору? Вядома, можна было пайсці звыклым шляхам: калі не аднавіць аўтэнтычныя інтэр’еры, дык хаця б зрабіць іх вартую даверу стылізацыю. Але ж абраны быў зусім іншы падыход. 

Калі звонку ешыва адноўлена максімальна дакладна — хаця і сучасных элементаў архітэктары не цураліся, — то ўнутры прастору перайначылі цалкам. Цяпер гэта адзіны аб’ём, які ўражвае ўжо сам па сабе — як суцэльны твор дызайну (прычым, азначым, сучаснага). Да ўсяго, такое рашэнне выгоднае і з чыста функцыянальнага пункту гледжання: горад атрымаў не толькі новы музей, але і цудоўную залу для канферэнцый, семінараў, розных камерных імпрэз. 

Разнастайныя муляжы выдатна замяніла сучасная тэхніка. Уздзеўшы 3D-акуляры, ты вокамгненна пераносішся на местачковую плошчу або ва аўдыторыю ешывы, чуеш шэпт вучняў і патрэскванне свечак. А потым можаш пагуляцца ў тэматычныя “цацкі” на інтэрактыўнай панэлі. 

Прыцягвае ўвагу яе пластыкавы футарал. Узоры на ім стылізаваныя пад традыцыйны яўрэйскі арнамент. І такая прадуманасць дробязей таксама робіць экспазіцыі гонар. 

Апрача мультымедыя, ёсць і куды больш традыцыйны “дыван-самалёт”, здатны перанесці ў іншую эпоху, — творы мастацтва. Карціны Юрыя Крупянкова аднаўляюць той самы знішчаны местачковы свет. Прычым, як распавяла Ніна Бобрык, мастацкую частку экспазіцыі з часам плануецца мяняць — балазе тэхнічна зрабіць гэта нескладана. 

Муляж у экспазіцыі ўсё ж прысутнічае. Гэта скрутак Торы. Экскурсавод беражліва яго разгортвае, тлумачачы ўсе нюансы абыходжання з арыгіналам, звыклыя для артадаксальных іўдзеяў. Сам арыгінал — антыкварны скрутак, падараваны мецэнатам, — у гэты час знаходзіцца ў каўчэгу за аксамітнай заслонай. Яго дазваляюць разгортваць толькі наведвальнікам адмысловым — рабінам. 

І такое далікатнае стаўленне да традыцый — прычым не сваіх уласных, а землякоў — яшчэ раз сведчыць пра грунтоўнасць гэтага праекта. 

Ілья СВІРЫН 

Фота аўтара