Пры­ця­га­ль­нае мес­ца

Паўвекавы юбілей адзначыў 19 снежня Палац культуры “Фестывальны” ў Гомелі.

Палац культуры і спорту Гомельскага хімічнага завода імя 50-годдзя СССР адкрыўся ў 1974-м. Гэта быў вялікі будынак з прасторным фае, глядзельнай залай на 700 месцаў і кіназалай на 200, танцзалай і са сцэнай, абсталяванай паваротным кругам. Прадугледжваліся памяшканні пад гуртковыя заняткі і кабінеты, спартыўная і лекцыйная залы. А яшчэ — бібліятэка і чытальная зала, буфет, майстэрні. Пасля з’явіўся і басейн “Дэльфін”. 

У 2000-м па рашэнні аблвыканкама ўстанова перайшла ў гарадскую ўласнасць. У той час на карце Гомеля і ўзнік Палац культуры “Фестывальны”. Ён да сёння застаецца асаблівым месцам, дзе заўсёды цікава. 

Цыркавая студыя "Цырк Фэст"

— У пачатку 2000-х частку будынка перадалі іншаму гаспадару, канцэртная зала была прызнана аварыйнай і закрыта, — распавядае загадчык аддзела культурнадасугавай дзейнасці Палаца культуры “Фестывальны” Антаніна Мядзведзева. — Аднак за апошняе дзесяцігоддзе зроблена шмат, каб установа адпавядала прызначэнню. Абноўлены ўваходная група і хол, пафарбаваны фасад. Старыя вокны замянілі на сучасныя пластыкавыя шклопакеты. За кошт уласных сродкаў праведзены рамонт рэпетыцыйных класаў, калідораў, працоўных кабінетаў і залы для мерапрыемстваў. Плануюцца мадэрнізацыя і рамонт сцэны, глядзельнай залы. 

ЗАНЯТКІ — ДЛЯ КОЖНАГА 

Цяпер у “Фестывальным” заўсёды шматлюдна, бо тут можна не толькі быць часткай публікі, але і самому танцаваць, спяваць, маляваць, спрабаваць сябе на тэатральных падмостках, спасцігаць асновы цыркавога мастацтва. Заняткі па душы знаходзяць наведвальнікі рознага ўзросту. Да 31 творчага аб’яднання далучылася амаль паўтысячы дарослых, а яшчэ да 23 — больш за 370 дзяцей. Некаторыя калектывы заваявалі афіцыйнае прызнанне: сем маюць званне “Народны”, тры — “Узорны”. 

Народнае гулянне "Масленіца"

Артысты пастаянна ўдзельнічаюць у раённых і гарадскіх мерапрыемствах. Гледачы заўсёды цёпла сустракаюць выступленні народных калектываў “Сваякісударушкі” і “Прасніца”, ансамбля “Ліся, песня”. Упрыгожанне любой праграмы — нумары студыі “Цырк Фэст” ды цэнтра акрабатыкі і фітнесу “Акрафіт”, харэаграфічных калектываў “Прафесіянал” і “Дзіва”. Шмат прыхільнікаў збіраюць пастаноўкі ўзорнага дзіцячага тэатра “Жамчужынка”. 

Актыўную канцэртную дзейнасць вядзе народны хор “Памяць” пад кіраўніцтвам Віктара Кустава. Усе яго спявачкі — залатога ўзросту, найстарэйшай — 92 гады! Артысткі выступаюць у бібліятэках, пансіянатах, выязджаюць у санаторыі раёна — і ўсюды зрываюць апладысменты. 

Карыстаюцца папулярнасцю і студыя сацыяльных танцаў Cayo Largo для дарослых, і танцавальная студыя “Рандэву” для пажылых людзей. 

РАЗНАСТАЙНЫЯ ЎРАЖАННІ 

— На працягу многіх гадоў з верасня па май мы праводзім вечары адпачынку “Нашы пятніцы”. Наведвальнікі знаёмяцца, стасуюцца, танчаць... Аднойчы да мяне падышла пара. Мужчына і жанчына распавялі, што калісьці сустрэліся на “Нашых пятніцах”, а зараз адзначаюць першыя ўгодкі вяселля. Было прыемна, — згадвае Антаніна Мядзведзева. — Запатрабаваны і дзіцячыя гульнявыя праграмы для арганізаваных груп. Кожны сезон знаходзім новых персанажаў, пішам сцэнарый, прыдумляем “фішкі”. 

Таксама сярод традыцыйных мерапрыемстваў — экалагічная акцыя “Руку сяброўства — прыродзе” (ладзіцца для школьнікаў у гадавіну аварыі на ЧАЭС), прафілактычная акцыя “Трымай мяне за руку мацней” (арганізоўваецца штогод сумесна з пошукава-выратавальным атрадам “Сімуран”). Пры падтрымцы таварыства “Іскарка” праводзяцца дабрачынныя імпрэзы да Дня сям’і, Дня ведаў, Новага года. Не абыходзіцца без яркіх свят з нагоды заканчэння пачатковай школы, Дня маці, без справаздачных канцэртаў творчых калектываў... 

Народны тэатр сучаснага танца Sky move / SEGMENT у Палацы Рэспублікі

“Фестывальны” сумесна з Гомельскім гарвыканкамам і Беларускім альянсам танцавальнага спорту арганізоўвае рэспубліканскія турніры “Кубак вясны”.

З клопатам і ўвагай калектыў Палаца культуры ставіцца да людзей з інваліднасцю і асаблівасцямі ў развіцці, імкнучыся забяспечваць камфортныя ўмовы для творчай рэалізацыі ўсіх наведвальнікаў. Адзін з прыкладаў — асобная група ў народнай студыі выяўленчага мастацтва. Па гэтых і іншых пытаннях “Фестывальны” цесна супрацоўнічае з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна, з адміністрацыяй, ЦСАН і ўстановамі адукацыі Савецкага раёна. 

УЛІЧВАЮЧЫ РЭАЛІІ 

Зараз у Палацы культуры працуюць 50 чалавек, якімі кіруе выканаўца абавязкаў дырэктара Сяргей Кавалёў. Паводле слоў Антаніны Мядзведзевай, гэта дружны калектыў, гатовы дасягаць пастаўленых мэт не таму, што “так належыць”, а таму, што захаванне, удасканаленне і прымнажэнне дасягненняў роднай культуры работнікі ўспрымаюць як асабістую місію і ганарацца ёю. 

— Асноўныя задачы “Фестывальнага” — развіццё творчых здольнасцей насельніцтва і арганізацыя вольнага часу. Акцэнт робім на агульнадаступных забаўляльных масавых мерапрыемствах, — кажа суразмовец. — Але рэаліі дыктуюць свае правілы: увагу надаём і платным паслугам. У прыватнасці, запатрабаваны імпрэзы для арганізацый. Такія праграмы наша каманда рыхтуе пад ключ: напісанне сцэнарыя, падбор разнажанравых канцэртных нумароў, праца вядучых, гукааператара, поўнае адміністрацыйнае суправаджэнне. 

Рэкламуем сваю дзейнасць, афішы мерапрыемстваў і фотасправаздачы з іх размяшчаем у Сеціве, ладзім конкурсы на інтэрнэт-пляцоўках. Праводзім апытанні — каб вызначыць, якія імпрэзы і актыўнасці найбольш запатрабаваны, што яшчэ хоча ўбачыць наша публіка. Для нас важнае меркаванне гледачоў — для іх і працуем. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва ўстановы