Дзіцячая музычная школа мастацтваў №4 імя І.М. Лучанка адзначае 65-гадовы юбілей. У мінулым, сучаснасці і будучыні адной са старэйшых музычных устаноў беларускай сталіцы — беражлівае захаванне традыцый класічнай адукацыі і мноства выдатных педагагічных дасягненняў.
Падмуркам для стварэння ДМШ №4 у 1959-м стаў філіял музычнай школы-сямігодкі Ленінскага раёна пры клубе Фелікса Дзяржынскага. У той час тут навучаліся 210 чалавек, а калектыў налічваў 21 настаўніка на чале з Вікенціем Куніцкім.
Значнае папаўненне педагагічнага складу адбыло- ся ў 1960—1961 гадах праз адкрыццё новых класаў струнна-народных, духавых інструментаў і віяланчэлі ды пашырэнне ўжо створаных. А праз два дзесяцігоддзі — у 1979-м — установу зноў чакалі перамены: школа пераехала ва ўласны будынак у Савецкім раёне, дзе размяшчаецца і сёння.
Цяпер дзіцячая музычная школа мастацтваў — гэта больш за 400 вучняў харавога і інструментальнага аддзяленняў, 74 настаўнікі і канцэртмайстры. Сярод іх — мноства асоб, што прысвяцілі ўстанове не адзін дзясятак гадоў свайго жыцця. Гэта, да прыкладу, Тамара Халадэнкава і Людміла Нікончык.
— За заслугі ў галіне выхавання падрастаючага пакалення наш калектыў неаднаразова быў адзначаны падзякамі і граматамі Упраўлення культуры Мінгарвыканкама, Прэзідыума Мінскага гарадскога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры і адміністрацыі Савецкага раёна, — расказвае дырэктар школы Наталля Лежнева.
За плячыма выбітных настаўнікаў — звыш трох тысяч юных талентаў, выпушчаных у вольнае плаванне. Многія з іх працягнулі педагагічную справу, некаторыя знайшлі сваё пакліканне на сцэне, сталі вядомымі артыстамі. Гэта, напрыклад, гітарыст Уладзімір Угольнік, музыказнаўцы Эльвіра Алейнікава і Наталля Міхайлашава, салістка Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя І.І. Жыновіча Юлія Высоцкая. Нагодай для гордасці з’яўляецца і шматгранная адукацыйная праграма, якая дазваляе юным талентам асвойваць фартэпіяна, скрыпку, віяланчэль, флейту, кларнет, саксафон, цымбалы, балалайку, домру, гітару, баян і акардэон.
Шырокія магчымасці прадастаўлены для калектыўнага музіцыравання: на базе школы паспяхова дзейнічаюць пяць харавых аб’яднанняў, адно з якіх мае званне “ўзорны”, і восем інструментальных ансамбляў.
Як вынік — галерэя ўзнагарод безупынна папаўняецца перамогамі ў міжнародных конкурсах і фестывалях, заахвочваннямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
— За гады існавання школа выгадавала сотні лаўрэатаў і дыпламантаў спаборніцтваў рознага ўзроўню. У іх ліку — міжнародны конкурс “Музыка надзеі”, адкрыты рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча, рэспубліканскі фестываль-конкурс “ЛьВенок” і многія іншыя, — адзначае Наталля Лежнева.
Асаблівую ўвагу кіраўніцтва ўстановы надае сцэнічнай дзейнасці. Разам з настаўнікамі маладыя артысты штогод даюць каля 70 канцэртаў у Палацы Рэспублікі, Белдзяржфілармоніі, сталічнай канцэртнай зале “Верхні горад”, Рэспубліканскім Палацы прафсаюзаў. Не абыходзіцца і без школьнай сцэны. Тут праходзяць урачыстасці для бацькоў і першакласнікаў.
— Беражліва захоўваем класічныя традыцыі выхавання і смела выкарыстоўваем у сваёй дзейнасці сучасныя педагагічныя дасягненні, — распавядае дырэктар установы. — Разам са сваімі настаўнікамі дзеці вучацца спасцігаць цудоўнае, асвойваюць асновы музычнага мастацтва і дораць сваёй творчасцю радасць не толькі старэйшаму пакаленню, але і аднагодкам, паказваючы прыклад працавітасці і настойлівасці.
Нязменна школа ўдзельнічае ў такіх значных рэспубліканскіх і гарадскіх праектах і акцыях, як “Харавое веча”, “Малітва за Беларусь”, “Плошча Перамогі”, “Праспяваем гімн разам”.
Ажыццяўляе ўстанова і мноства ўнікальных творчых задум. І з нагоды юбілею спіс паспяхова рэалізаваных іні- цыятыў значна прырос. Так, сумесна з Вялікім тэатрам Беларусі зладзілі праект “Іграюць дзеці”, правялі адкрыты культурна-адукацыйны форум “П.І. Чайкоўскі — душа рускай музыкі”. Праграма атрымалася па-сапраўднаму насычанай: кожны дзень праходзілі майстар-класы, гульні-віктарыны, канцэрты і лекцыі, накіраваныя на вывучэнне рускай культуры і акадэмічнай музыкі XIX — пачатка XX стагоддзяў.
Сярод мерапрыемстваў, арганізацыя якіх даўно стала добрай традыцыяй, — “Пасвячэнне ў музыканты”, “Калядныя сустрэчы” ды канцэрт “Музіцыруем разам”, што неўзабаве стане прыгожым завяршэннем юбілейнага года.
Урачыстасць адбудзецца 6 снежня ў Малой зале Белдзяржфілармоніі. На сцэне прагучаць творы Ігара Лучанка, Яўгена Глебава, Уладзіміра Солтана, а таксама іншых беларускіх кампазітараў другой паловы XX — пачатка XXI стагоддзяў у выкананні навучэнцаў і настаўнікаў школы.
Парадаваць новымі яркімі праектамі юбіляр абяцае і ў 2025-м. Па словах дырэктара, праца над некаторымі ініцыятывамі ўжо актыўна ідзе.
— У студзені — сакавіку наступнага года зладзім адкрыты культурна-адукацыйны гуманітарны праект “Паліфанія”, прысвечаны 340-годдзю з дня нараджэння І.С. Баха, — дзеліцца планамі на будучыню Наталля Лежнева. — Мэта заключаецца ў вывучэнні творчасці вялікага кампазітара, яго папярэднікаў і сучаснікаў, а таксама музычнага мастацтва эпохі барока ў цэлым. Удзельнікі праекта атрымаюць каштоўныя веды аб гістарычным кантэксце, у якім І.С. Бах сфармаваўся як асоба, навучацца выконваць яго творы. Юных музыкантаў на гэтым шляху падтрымаюць сапраўдныя прафесіяналы: народны артыст Беларусі, прафесар Ігар Алоўнікаў, салісты Белдзяржфілармоніі Наталля Котава-Громава і Валерый Баравікоў.
Пажадаем поспехаў калектыву школы ў рэалізацыі ўсяго задуманага!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва ўстановы