Галерэя блізкіх сувязей

Беспрэцэдэнтны па маштабе абменны выставачны праект — хутка ў Мінску: 23 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі разгорнецца экспазіцыя “Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў”, падрыхтаваная сумесна з Дзяржаўным Рускім музеем.

У аснове канцэпцыі — ідэя гістарычнай культурнай супольнасці дзвюх сучасных суверэнных дзяржаў, Расіі і Беларусі, унікальнасці і адзінства, аўтэнтычнасці і ўзаемаўплываў у прасторы культуры. Прэзентацыя выставы адбылася 14 верасня ў Мармуровым палацы Дзяржаўнага Рускага музея ў рамках юбілейнага Х Міжнароднага Санкт-Пецярбургскага форуму аб’яднаных культур. 

Урачыстае адкрыццё выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі адзначыць экспанаванне беспрэцэдэнтнага ў нашай краіне абменнага выставачнага праекта, які ўключае каля трохсот твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва з багатых збораў двух вядучых мастацкіх музеяў Расіі і Беларусі. 

У чатырох экспазіцыйных залах новага выставачнага корпуса будуць прадстаўлены работы майстроў, якія нарадзіліся на нашых гістарычных землях і атрымалі прафесійную адукацыю ў расійскіх навучальных установах. Часта пачатак творчага шляху беларускіх майстроў звязаны з галоўнымі культурнымі цэнтрамі суседняй краіны — з Санкт-Пецярбургам і Масквой. Выхаваныя ў рамках традыцыі рускай мастацкай школы, яны, тым не менш, у сваіх працах захавалі самабытныя нацыянальныя рысы. 

Прадстаўленыя на выставе работы знаёмяць гледача з творчай спадчынай больш як паўсотні выдатных майстроў выяўленчага і дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, у тым ліку Івана Хруцкага, Сяргея Заранкі, Леона Бакста, Аляксандры Экстэр, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Станіслава Жукоўскага, Марка Шагала, Георгія Ніскага, Яўсея Маісеенкі, Мая Данцыга, Ільі Чашніка, Анатоля Каплана, Анатоля Тычыны, Ільі Гінцбурга, Льва Іваноўскага і многіх іншых, чыя творчасць стала знакавай часткай сусветнай культурнай спадчыны. Праект акцэнтуе ўвагу на глыбокіх мастацкіх расійска беларускіх сувязях і значнасці гістарычных узаемадзеянняў, якія ўзбагачаюць культуры суседніх народаў. 

Выстава будзе працаваць да 31 сакавіка 2025 года.