Дні культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі разгорнуцца ў нашай краіне з 21 па 23 снежня. Арганізатары — Міністэрства культуры Беларусі, Міністэрства культуры і турызму КНР і пасольства КНР у Беларусі.
Ключавымі падзеямі стануць канцэрты майстроў мастацтваў Кітая, што зладзяць 21 снежня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а 23-га — у Палацы культуры Маладзечна. У праграме — выступленне артыстаў Нацыянальнага этнічнага камернага аркестра Музычнай акадэміі Фуцзяньскага педагагічнага ўніверсітэта, Цэнтральнай акадэміі драмы і Цанчжоўскай акрабатычнай трупы. Замежныя выканаўцы прадставяць дэкламацыі, вакальныя, інструментальныя і акрабатычныя нумары.
У канцэрце возьмуць удзел і беларускія артысты — вакалісты Вялікага тэатра оперы і балета, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Тарас Прысяжнюк і Марта Данусевіч. Прагучаць арыі з опер “Яўген Анегін” Пятра Чайкоўскага, “Травіята” Джузэпэ Вердзі ды іншыя кампазіцыі.
Наведвальнікаў канцэрта ў Белдзярж філармоніі таксама чакаюць майстар-класы, арганізаваныя Інстытутамі Канфуцыя. Тут можна будзе паспрабаваць сябе ў каліграфіі, жывапісе і традыцыйным вузельчыкавым пляценні, убачыць танцы львоў, а таксама паглядзець выставу архітэктурных макетаў вядомых будынкаў Кітая ды паслухаць куайбань — народныя вершы, якія дэкламуюцца пад рытмічны стук па бамбукавых дошчачках.
Дні культуры Кітая ў Беларусі накіраваны на ўмацаванне супрацоўніцтва, узаемаразумення і сяброўства паміж народамі дзвюх краін.
Данііл ПІЎКАРЭЦ