Пад увагай Першага

Апублiкавана: 21 снежня 2024 Стужка Афіцыйна Гомель і вобласць

Аўтар: Аўтары

Сёлета Гомельскі палацава-паркавы ансамбль святкуе 105-годдзе. Гэта адзін з самых старых, буйных і аўтарытэтных музеяў Рэспублікі Беларусь.

Скарбніца адкрылася 7 лістапада 1919-га. Аднак уласна музеем доўгі час была толькі чатырохпавярховая палацавая вежа. У асноўным будынку комплексу знаходзіўся абласны Палац піянераў і школьнікаў. 

Нягледзячы на перыядычныя рамонты і рэканструкцыі ў савецкія часы, да пачатку 1990х ансамбль заняпаў. Яго абнаўленне стала ідэяй, якая аб’яднала мясцовыя ўлады, прадпрыемствы, арганізацыі і грамадскасць. Тым не менш маштабны праект рэстаўрацыі тады аказаўся для вобласці непад’ёмным. 

На шчасце, ініцыятыву гамяльчан падтрымаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. З 1995-га да 2004-га на працы ў комплексе рэгулярна накіроўваліся сродкі рэспубліканскага бюджэту. За дзевяць гадоў, пакуль адраджаўся палацавапаркавы ансамбль, з усіх крыніц на яго абнаўленне паступіла каля 10 мільярдаў недэнамінаваных рублёў — велізарная сума па тых часах. 

Перадусім пасля рэканструкцыі 3 ліпеня 2003 года адкрылася вежа. У ёй былі ўпершыню прадстаўлены экспазіцыі, прысвечаныя ўладальнікам рэзідэнцыі — Румянцавым і Паскевічам, а таксама арыгінальныя рарытэты, што захоўваліся ў запасніках з 1919-га: карціны, скульптуры, зброя, асабістыя рэчы ранейшых гаспадароў. Відавочцы ўспамінаюць, што, калі адроджаны музей расчыніў дзверы, выстраілася чарга, большая за кіламетр. 

У верасні 2004 года — у Дзень беларускага пісьменства — прыняла наведвальнікаў і цэнтральная частка палаца. Нарэшце госці змаглі ацаніць яго зыходную прыгажосць. Рэстаўрацыя 1995— 2004-га ператварыла ансамбль у візітоўку вобласці і зрабіла яго адной з самых папулярных славутасцей рэспублікі. Сёння гэта яшчэ і цэнтр міжрэгіянальных, міждзяржаўных сувязей. Тут праводзяцца важныя сустрэчы з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і лідараў іншых краін. 

Рэстаўрацыяй капліцы і пахавальні князёў Паскевічаў заняліся ў 2008-м. Працы выкон валіся за кошт абласнога бюджэту і фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Былі адноўлены страчаныя элементы знешняга і ўнутранага дэкору, ажыццёўлены тэхнічныя мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне помніка. У 2016-м для наведвальнікаў адкрыўся магільны склеп, а ў 2019-м — капліца. 

Цяпер Гомельскі палацавапаркавы ансамбль — адно з упадабаных турыстамі месцаў Беларусі: штогод сюды прыязджае больш за 300 тысяч чалавек.