Развіццё беларускай культуры, пашырэнне пазнавальнасці айчынных калектываў за мяжой і ўмацаванне творчых стасункаў. 19 снежня ў Мінску падпісаны мемарандум паміж Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Я. Купалы і Азербайджанскім дзяржаўным акадэмічным нацыянальным драматычным тэатрам.
У цырымоніі паўдзельнічаў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін, які выказаў упэўненасць у паспяховым узаемадзеянні ўстаноў. Двухбаковы мемарандум накіраваны на развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне тэатральнага мастацтва, а таксама на ўмацаванне сяброўскіх адносін паміж Мінскам і Баку. Вынікам будуць сумесныя мерапрыемствы, такія як дні культуры, гастролі творчых калектываў, фестывалі, мастацкія выставы ды іншыя.
На сустрэчу ў Купалаўскі тэатр таксама былі запрошаны Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджанскай Рэспублікі ў Беларусі Магерам Абыш аглы Аліеў і прадстаўнікі дыяспары.
Мемарандум падпісалі ў рамках візіту дырэктара Азербайджанскага дзяржаўнага акадэмічнага нацыянальнага драматычнага тэатра ў нашу краіну: Ільхам Эльхан аглы Аскераў з калегамі гасцюе ў Беларусі з 17 па 22 снежня. У планах дэлегацыі — убачыць найлепшыя спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, абмяняцца вопытам з адмыслоўцамі і даведацца пра асаблівасці культуры і гісторыі Сінявокай.