Свята кіно

Апублiкавана: 20 снежня 2024 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

100-годдзе беларускага кіно адзначылі 17 снежня ў Палацы Рэспублікі. Свята аб’яднала дзеячаў галіны, заслугі якіх высока ацанілі Міністэрства культуры, іншыя ведамствы і арганізацыі краіны.

Урачыстасці распачаліся зранку: на Усходніх могілках Мінска ўшанавалі памяць айчынных кіназорак. Выказаць падзяку і ўскласці кветкі прыйшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Саюза кінематаграфістаў і студыі “Беларусьфільм”, студэнты Акадэміі мастацтваў. А вечарам у Палацы Рэспублікі адбылося ўзнагароджанне выбітных работнікаў творчай індустрыі з розных куткоў краіны. 

З прывітальным словам да гасцей мерапрыемства звярнуўся міністр культуры Руслан Чарнецкі. Ён агучыў віншаванне Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. 

— Нацыянальнаму кінематографу ёсць чым ганарыцца — гэта і выдатныя сцэнарысты, рэжысёры, аператары, акцёры, і дастойная галерэя мастацкіх, дакументальных і анімацыйных стужак, якія складаюць сапраўдны летапіс беларускай дзяржаўнасці і духоўную спадчыну нашага народа. 

У сучасных рэаліях роля і значнасць працы кінемата графістаў кратна ўзрастае. Кіно — гэта не толькі мастацтва, якое дазваляе радавацца і сумаваць, успамінаць мінулае і зазіраць у будучыню, але і магутная інфармацыйная, ідэйнаасветніцкая, адукацыйная сіла, якая фарміруе сістэму каштоўнасцей чалавека, яго разуменне рэчаіснасці і стаўленне да свету. На працягу векавога шляху беларускае кінамастацтва нязменна прытрымліваецца гэтых высокіх ідэалаў, — гаварылася ў адрасе. 

У сваім асабістым звароце міністр падзякаваў ветэранам — сапраўдным легендам нацыянальнага кінемато графа: 

— Хацеў бы пакланіцца тым людзям, хто пачынаў гэты цяжкі, доўгі шлях. Тым, хто падчас Вялікай Айчыннай вайны працаваў аператарам, у партызанскіх атрадах ваяваў, адстойваў, абараняў нашу краіну. Тым, хто ў залаты век кіно здымаў шэдэўры беларускага кінематографа. 

Руслан Чарнецкі падкрэсліў, што ён, “кіношнік”, разумее, наколькі моцна трэба любіць кіно, каб у розных умовах, з перапрацоўкамі, часам у пакутлівых пошуках правільнага кадра аддаваць сябе вялікаму мастацтву. 

Затым былі ўшанаваны дасягненні работнікаў творчай індустрыі. Падзяку Прэм’ерміністра Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, істотны асабісты ўклад у папулярызацыю нацыянальнай культуры абвясцілі Анатолю Цярпіцкаму — артысту драмы, вядучаму майстру сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра. Нагрудныя знакі, ганаровыя граматы і падзякі Міністэрства культуры атрымалі таксама іншыя прадстаўнікі галіны. 

Акрамя таго, узнагароды ўручылі намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Таццяна Філімонава, генеральны дырэктар студыі “Беларусьфільм” Юрый Аляксей, памочнік камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі палкоўнік Сяргей Грабеннікаў. 

— Вялікая колькасць таленавітых дзеячаў жыве ў нашай краіне. Усе разам мы зробім новае стагоддзе беларускага кіно залатым, — адзначыў міністр культуры Руслан Чарнецкі.