Урачыстая цырымонія закрыцця рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца – 2024" адбылася ў раённым Цэнтры культуры Бялынічаў. Сёлета горад з годнасцю пранёс высокае званне "Культурная сталіца – 2024".
На працягу года адбылося больш за 20 значных творчых праектаў. У іх ліку сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, мастакамі і рэжысёрамі, нацыянальныя кінапрэм'еры айчынных фільмаў, фінал нацыянальнага адбору Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", выставы Нацыянальнага мастацкага музея, рэспубліканская акцыя "Культурная карта", раённы фестываль народнай творчасці "Ільняныя крылы – ручнікі", спектаклі, канцэртныя праграмы, конкурсы, майстар-класы і шмат іншага.
Прывітальнае слова Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Руслана Чарнецкага зачытала начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч.
Акрамя таго, у цэнтры працавалі выставы "Стагоддзе беларускага кіно", "Крыніца каштоўнасцей – гістарычная памяць", работ удзельнікаў міжнароднага пленэру "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве", экспазіцыя культурнага патэнцыяла раёна.
Таксама адбыўся майстар-клас па выцінанцы, а Магілёўскі абласны тэатр лялек прадставіў інтэрактыўны спектакль для дзяцей. У мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі адкрылася выстава "Жывыя, пакуль памятаем".