У адпаведнасці з законам

Чарговае пасяджэнне камісіі па супрацьдзеянні карупцыі прайшло ў Міністэрстве культуры напрыканцы лістапада.

Падчас пасяджэння было адзначана, што ў нашай краіне прымаюцца актыўныя захады па барацьбе з гэтай негатыўнай з’явай, створана эфектыўная заканадаўчая база, акрэслены дзейсныя механізмы супрацьстаяння карупцыйным злачынствам. 

Сярод іншага разглядалася выкананне парадку закупак разнастайных тавараў, работ і паслуг, а таксама інфармацыя пра парушэнні заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй у нашай сферы. 

У рамках падрыхтоўкі такой інфармацыі ў адпаведнасці з планам работы камісіі былі абагульнены звесткі дзяржаўных арганізацый, падначаленых Міністэрству культуры, прадпрыемства “Белрэстаўрацыя”, упраўленняў культуры абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.

ЗЛАЧЫНСТВА І ПАКАРАННЕ 

Выяўлены парушэнні патрабаванняў да падпісання і зместу абавязацельстваў па выкананні абмежаванняў, устаноўленых антыкарупцыйным заканадаўствам, а таксама недастатковы кантроль за выкананнем заканадаўства, нацэленага на супрацьдзеянне карупцыі, па прадухіленні і ўрэгуляванні канфлікту інтарэсаў, які можа стварыць умовы для карупцыйных правапарушэнняў. 

Так, кіраўнік установы культуры быў зняты з пасады ў сувязі з узбуджэннем крымінальнай справы па прыкметах складу злачынства, апісанага часткай 2 артыкула 426 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Выпадак датычыцца перавышэння ўлады ці службовых паўнамоцтваў, учыненага з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці. 

Супрацоўніка яшчэ адной структуры прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці за правапарушэнне, якое стварае ўмовы для карупцыі. Пры арганізацыі культурнага мерапрыемства была няправільна вызначана працэдура дзяржаўнай закупкі. 

Таксама распачата крымінальная справа супраць работніка (ужо звольненага) адной з устаноў па частцы 1 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае адказнасць за прыняцце службовай асобай для сябе або для блізкіх матэрыяльных каштоўнасцей ці набыццё выгад маёмаснага характару, якія забяспечваюцца выключна ў сувязі з займаным ёй службовым становішчам, за заступніцтва або патуранне па службе, спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю, ці за выкананне або невыкананне ў інтарэсах таго, хто дае хабар, або прадстаўленых ім асоб якоганебудзь дзеяння, што гэтая асоба павінна была ці магла ажыццявіць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў. 

Яшчэ ў дачыненні да намесніка дырэктара некаторай арганізацыі вядзецца следства па частцы 2 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса, якая ўстанаўлівае адказнасць за атрыманне хабару паўторна, ці шляхам вымагання, ці групай асоб па папярэдняй змове, ці ў буйным памеры. З работнікам скончаны працоўныя адно сіны. 

Акрамя таго, у пэўнай установе два кіраўнікі структурных падраздзяленняў былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці за неадпаведнае выкананне абавязкаў па ўліку працоўнага часу. 

ПАПЯРЭДЖАНЫЯ — ДАСВЕДЧАНЫЯ 

У залежнасці ад наступстваў карупцыйных правапарушэнняў у Рэспубліцы Беларусь устаноўлена крымінальная, адміністрацыйная, дысцыплінарная і грамадзянска прававая адказнасць. 

Крымінальны кодэкс прадугледжвае суровыя санкцыі — аж да 15 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасцю. 

ВАЖНЫ НАПРАМАК 

Вялікая ўвага ў барацьбе з карупцыяй надаецца выкананню працоўнай дысцыпліны, недапушчэнню выкарыстання дзяржаўнай маёмасці ў асабістых мэтах, прадухіленню злоўжывання службовым становішчам, крымінагенных рызык пры правядзенні культурнамасавых мерапрыемстваў, парушэнняў пры працаўладкаванні і ў сферы закупак. 

Пільна вывучаюцца нюансы адбору службовых абавязацельстваў, дэкларавання даходаў і маёмасці, урэгулявання канфліктаў інтарэсаў, атрымання і выкарыстання пазабюджэтных даходаў, умоў правядзення дзяржаўных закупак і тэндараў. 

Акцэнтуецца неабходнасць інфармавання работнікаў аб патрабаваннях антыкарупцыйнага заканадаўства. 

Міністэрства культуры кантралюе барацьбу з карупцыяй у падначаленых установах і імкнецца не дапускаць фармалізацыі працы па гэтым важным напрамку. 

Антон РУДАК