У Беларусі працягваецца рэспубліканская акцыя “Культурная карта”. Яна праходзіць па ініцыятыве Міністэрства культуры і дае жыхарам рэгіёнаў магчымасць убачыць найлепшыя пастаноўкі вядучых айчынных труп ды іншыя праекты.
Адзін з самых актыўных удзельнікаў акцыі — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага. Артысты калектыву гастралююць па краіне са спектаклем “Горкі хлеб”. Гэтую дакументальную драму пра дзяцей, якія сутыкнуліся з выпрабаваннямі ваеннага ліхалецця, паставіў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчык.
— Выхад “Горкага хлеба” прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Прэм’еру з поспехам прадставілі да Дня Перамогі, і з таго часу спектакль — у нашым рэпертуары. Тэма Вялікай Айчыннай вайны застаецца актуальнай, таму для дэманстрацыі ў рамках праекта “Культурная карта” мы абралі менавіта гэтую работу, — распавяла намеснік дырэктара тэатра Анастасія Шырай.
Сцэна са спектакля "Горкі хлеб"
Па яе словах, “Горкі хлеб” паказалі ў дамах культуры ў Багушэўску і Баранавічах, цэнтрах культуры ў Асіповічах і Жыткавічах. Адбыліся і дыялогавыя пляцоўкі з удзелам прадстаўнікоў мясцовых Саветаў дэпутатаў, дзеячаў культуры і мастацтва.
— Адкрытыя дыялогі прайшлі ў адпаведнасці з Канцэпцыяй развіцця нацыянальнай культурнай прасторы і ў рамках акцыі “Культурная карта”. Асноўныя тэмы для абмеркавання — патрыятычнае выхаванне моладзі, абарона мацярынства, дзяцінства, інстытута сям’і і шлюбу. Спікерам ад нашага тэатра выступіла рэжысёрпастаноўшчык заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валянціна Еранькова, — паведаміла Анастасія Шырай.
Да акцыі далучыўся і калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Так, 26 лістапада ў Докшыцах на сцэне кінаканцэртнай залы “Іскра” выступіў ансамбль A.M.A.D.I.S. Brass пад кіраўніцтвам загадчыка трупы аркестра Дзмітрыя Гарбачука. Артысты прадставілі праграму “Новае дыханне” — творчы праект, удастоены гранта Прэзідэнта. У імпрэзе таксама паўдзельнічалі салісты оперы Марыя Булда, Анастасія Лурыкава, Іван Бярэзін ды іншыя.
— Канцэрт у рамках акцыі падарыў гараджанам магчымасць акунуцца ў свет класічнай музыкі. Жывое гучанне інструментаў і ўнікальны вакальны стыль салістаў выклікалі непадробную цікавасць у дакшычан. Аб гэтым сведчылі перапоўненая зала і шчырае захапленне слухачоў, — адзначыла начальнік аддзела культуры Докшыцкага райвыканкама Вольга Сушко.
Дыялогавая пляцоўка ў Докшыцах
У той жа дзень адбылася дыялогавая пляцоўка “Захаваць гістарычную памяць у імя жыцця” з удзелам канцэртмайстра Вялікага тэатра заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Юліі Шчарбаковай, Дзмітрыя Гарбачука і прадстаўнікоў мясцовай улады.
— Дыялог прайшоў у цёплай, сяброўскай абстаноўцы. Музыканты распавялі школьнікам аб творчых праектах, адказалі на пытанні. Такія сустрэчы дапамагаюць моладзі фарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю, спрыяюць яднанню пакаленняў, — падкрэсліла Вольга Сушко.
У рамках акцыі артысты Вялікага тэатра таксама выступілі ў Рэчыцкім гарадскім палацы культуры, на канцэртных пляцоўках у Бешанковічах і Оршы, а 6 снежня завітаюць у Добруш.
Не застаўся ўбаку ад “Культурнай карты” і Маладзёжны тэатр эстрады. Калектыў прэзентаваў публіцы добрыя, кранальныя музычныя казкі — “Катавасія і Пёсасторыя” і “Той самы Карлсан і Малыш”. На роўных з дарослымі ў праекце паўдзельнічалі і апекаванцы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна. Юныя творцы падрыхтавалі насычаную праграму.
Маладзёжны тэатр эстрады са спектаклем "Той самы Карлсан і Малыш" у Смаргоні
— У межах рэспубліканскай акцыі нашы артысты наведалі пяць гарадоў: Столін, Ляхавічы, Іванава, Драгічын і Смаргонь. Дзякуючы праекту маленькія гледачы, у тым ліку выхаванцы сацыяльнапедагагічных цэнтраў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і дзеці з інваліднасцю маглі ўбачыць спектаклі бясплатна, — кажа спецыяліст па гастрольнай дзейнасці Маладзёжнага тэатра эстрады Яўген Грабянчук.
Таксама да акцыі далучыліся Тэатр-студыя кінаакцёра Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм”, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа ды іншыя калектывы. Зацікаўленасць адміністрацый устаноў і добрыя водгукі гледачоў сведчаць: праект паспяхова рэалізоўваецца і мае вялікі патэнцыял.
Данііл ПІЎКАРЭЦ
Фота з Telegram-канала Міністэрства культуры