Оперны снежань

Апублiкавана: 16 снежня 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Вялікі тэатр Беларусі заўжды ў цэнтры ўвагі — дзякуючы багаццю імпрэз. А ў пачатку зімы калектыў увогуле “заснежыць” буйнымі падзеямі, сярод якіх — ХІV Мінскі міжнародны Калядны оперны форум.

25-годдзе Саюзнай дзяржавы будзе адзначана не проста канцэртнай праграмай, хай і складзенай з выступленняў расійскіх зорак, а грандыёзнай операй “Хаваншчына” Мадэста Мусаргскага. Гэта пастаноўка Марыінскага тэатра на чале з маэстра Валерыем Гергіевым. Выбар спектакля невыпадковы: сёлета споўнілася 185 гадоў з дня нараджэння слыннага рускага кампазітара. Таму Вялікі тэатр Расіі на мяжы восені і зімы зладзіў цэлы фестываль “Наш Мусаргскі. З глыбіні…”, прадставіў усе пяць опер мэтра, уключаючы незавершаныя. Прычым праводзіліся прамыя трансляцыі, каб да творчасці класіка маглі далучыцца ўсе ахвотныя. Партыю Хаванскага на адным з паказаў выконваў наш Андрэй Валенцій, які апошнім часам працуе на два тэатры і, адпаведна, на два гарады — Мінск і Маскву. Гэты факт таксама трэба лічыць сведчаннем плённага культурнага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы. А “Хаваншчына” з Марыінкі, якую прэзентуюць на нашай сцэне 8 снежня, стане свое асаблівай прэамбулай-уверцюрай да Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму. Ён пройдзе 10—15 снежня. 

Традыцыйны Калядны форум сё лета ўключыць чатыры выбітныя спектаклі і галаканцэрт. Але ж справа не ў колькасці, а ў тым, што кожны з фестывальных вечароў прадэманструе папраўдзе касмічныя далягляды. Адкрыццём ва ўсіх сэнсах будзе “Галоўнае пытанне” Чувашскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Спектакль створаны пры дапамозе штучнага інтэлекту. Ён адказваў за лібрэта, партытуру, сцэнаграфію — ды ледзь не за ўсё, апроч жывога (але з удзелам робатаартыста) выканання. Гэта трэба ўбачыць — абавязкова! Відавочна, такі эксперымент прыцягне ўвагу прыхільнікаў не толькі музыкі і тэатра, але і камп’ютарных тэхналогій. 

Варонежскі тэатр, які раней неаднойчы прывозіў у Мінск балеты, пакажа “Вяселле Фігара”. Яно моцартаўскае, ды незвычайнае, бо дзеянне перанесена ў часы заканчэння Першай сусветнай вайны. У такіх умовах адпраўка Керубіна ў войска наўрад ці будзе камічнай. Паглядзім? 

Цэнтральныя партыі ў спектаклі нашага Вялікага “Турандот” выканаюць запрошаныя зоркі “Гелікон оперы” з Масквы і Міхайлаўскага тэатра з Санкт-Пецярбурга. 

Сцэна з пастаноўкі Варонежскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета "Вяселле Фігара"

Фінальны гала-канцэрт упершыню стане магутнай прэзентацыяй пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсаў імя Алены Абразцовай розных гадоў. Ды ўсё ж у цэнтры форуму па традыцыі акажацца беларуская прэм’ера: сёлета Вялікі прадставіць “Яўгена Анегіна”. 

Гэта восьмае ўвасабленне знакамітай оперы Чайкоўскага сіламі нашага тэатра, прымеркаванае да 225-годдзя з дня нараджэння Пушкіна і 145-годдзя з першай пастаноўкі спектакля ў Малым тэатры Расіі. Прэм’ера цяперашняй інсцэніроўкі адбылася 30 лістапада, і ўсе пераканаліся, наколькі актуальная гэтая опера. Рэжысёр Ганна Маторная, мастак Любоў Сідзельнікава, дырыжор Арцём Макараў, харэограф Ігар Колб наўмысна захавалі класічны падыход: не парушалі час і месца дзеяння, пакінулі адпаведныя эпосе касцюмы. Але спектакль усё адно сугучны з настроямі сучаснай моладзі, бо светлыя памкненні чалавечай душы, прага кахання вечныя.

Юрый Гарадзецкі ў ролі Ленскага ("Яўген Анегін" Вялікага тэатра Беларусі)

Надзея БУНЦЭВІЧ