Прызванне і пастаянны творчы пошук дазваляюць калектыву Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў ужо 100 гадоў аддана служыць мастацтву і людзям. Векавы юбілей — нагода ацаніць свой шлях і вызначыць новыя рубяжы.
Гісторыя каледжа — гэта летапіс карпатлівай працы, пераадолення цяжкасцей, станаўлення, росквіту, поспехаў і дасягненняў. Ідуць гады, змяняюцца пакаленні, але кожны дзень тут робяць крок да прафесійнага майстэрства па лесвіцы творчага пошуку.
Сёння шматпрофільная навучальная ўстанова займае годнае месца ў сферы культуры нашай краіны. Каледж дамагаецца поспехаў дзякуючы мэтанакіраванасці, энергіі, прафесіяналізму і ўменню беражліва захоўваць традыцыі. З’яўляюцца новыя спецыяльнасці, творчыя калектывы, праводзяцца конкурсы па ўсіх напрамках дзейнасці. Навучэнцы штогод становяцца пераможцамі прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў, атрымліваюць вышэйшыя ўзнагароды ды іншыя заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Велізарным патэнцыялам развіцця і выхавання гарманічнай асобы валодаюць творчыя калектывы, якія зберагаюць і папулярызуюць нацыянальную і сусветную культуру. Цяпер у каледжы іх 30, з якіх 12 маюць званне народнага, тры — заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. Гэта народны харэаграфічны ансамбль “Алеся”, народны хор народнай песні “Маладзік”, народны аркестр рускіх народных інструментаў.
Народны харэаграфічны ансамбль "Алеся"
Высокі прафесіяналізм, шматлікія канцэртныя праграмы, яркае самабытнае майстэрства і ўважлівае захаванне традыцый адрозніваюць народны аркестр беларускіх народных інструментаў, народны сімфанічны аркестр, народны духавы аркестр, народную студыю эстраднага вакалу “Нова”, народны хор народнай песні “Ростань”, народны акадэмічны хор “Мазаіка”, народны ансамбль народнай музыкі “Лянок”, народны ансамбль танца “Вянок”, народны інструментальны ансамбль. Яны па праве адносяцца да найлепшых калектываў Магілёўшчыны.
Ва ўстанове кіпіць жыццё. Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на аркестравых інструментах імя Я. Глебава, навукова-практычная канферэнцыя “Міжнародныя чытанні імя М. Рымскага-Корсакава”, рэгіянальныя конкурсы прафесійнага майстэрства, семінары-практыкумы, вучэбна-практычныя канферэнцыі, фестывалі, персанальныя выставы даюць дзецям магчымасць праяўляць здольнасці і ўдасканальвацца ў справе.
Каледж цесна ўзаемадзейнічае з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Партнёрства з установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі грунтуецца на метадычнай і куратарскай дапамозе. Гэта дазваляе стварыць базу для скіраванага на практыку падыходу ў навучанні і забяспечыць юным талентам, якія плануюць звязаць будучыню з культурай і мастацтвам, прафесійную арыентацыю.
Важны складнік — міжнароднае супрацоўніцтва, якое пашырае гарызонты педагогаў і навучэнцаў, спрыяе іх росту. Сярод партнёраў — Бранскі абласны каледж мастацтваў, Пскоўскі абласны каледж мастацтваў імя М. Рымскага-Корсакава, Сургуцкі музычны каледж, Санкт-Пецярбургскае музычнае вучылішча імя М. Рымскага-Корсакава, Наўгародскі абласны каледж мастацтваў імя С. Рахманінава, а таксама Арлоўскі, Смаленскі і Чэлябінскі дзяржаўныя інстытуты культуры.
Каледж заўсёды меў сваё аблічча, унікальныя праекты і таленавітых выхаванцаў, здольных падтрымаць традыцыі і прапанаваць новыя ідэі. Навучэнцам належыць задума стварэння моладзевай тэлестудыі “Ракурс” — навучальная платформа згуртавала будучых рэжысёраў, акцёраў, мастакоў, музыкантаў, бібліятэкараў. Аб’яднанне асвятляе падзеі ўстановы, праводзіць сустрэчы з дзеячамі культуры.
Праект каледжа — літаратурны музычна-пластычны спектакль "Песня роднай зямлі"
Значны водгук у гледачоў знайшоў літаратурны музычнапластычны спектакль “Песня роднай зямлі”, які паказалі ўжо ва ўсіх раёнах Магілёўшчыны. Ён уключаны ў план мерапрыемстваў па святкаванні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У межах артпраекта “Прастора творчасці” дэманструюцца работы выпускнікоў — самабытных мастакоў, якіх ведаюць па ўсёй Беларусі. Імпрэзы цыкла “Музычныя вечары на Вялікай Садовай” таксама ладзяцца дзякуючы каледжу. Яго калектывы і салісты выконваюць творы сусветных і беларускіх кампазітараў, прадстаўляюць народныя танцы.
Так склалася, што ўстанова мяняла назву, месцазнаходжанне, але не прызначэнне — імкнуцца быць найлепшай у сваёй справе. Лёсы тысяч запатрабаваных, таленавітых выпускнікоў упрыгожваюць летапіс каледжа. Сярод іх заслужаныя артысты і дзеячы культуры Беларусі, літаратары і дызайнеры, папулярныя выканаўцы.
Дасягненні ўстановы ў фарміраванні кадравага патэнцыялу айчыннай сферы культуры адзначаны ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Савета Міністраў, Нацыянальнага сходу, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскага аблвыканкама. За ўклад у развіццё культуры рэгіёна па выніках 2021 года каледж быў занесены на абласную Дошку гонару.
Алена ШАРКОВА,
выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў