Упершыню на экранах

Апублiкавана: 14 снежня 2024 Стужка Кіно Мінск Падзеі

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Прэм’ера гістарычнага дэтэктыва “Чорны замак” адбылася 12 снежня ў сталічным кінатэатры “Перамога”. 

Гэта сумесны беларускарасійскі праект. Над стужкай па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі” працавалі Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” і “Нью Арт Сінема пра дакшн”. Рэжысёр — Кірыл Кузін. 

Карціна ў жанры прыгодніцкага дэтэктыва з элементамі гістарычнай драмы, фэнтэзі і містыкі ішла да вялікага экрана доўгім шляхам. Здымкі стартавалі летась у красавіку, а падрыхтоўка да іх пачалася яшчэ раней. Задачай аўтараў было не зрабіць экранізацыю, а прадставіць годны праект, які зацікавіць сучаснага гледача, асабліва моладзь. Таму тут і экшн, і дэтэктыў, і элементы камп’ютарнай графікі. І хаця рабілі кіно “па матывах”, дух Караткевіча і асноўную думку рамана: “Не ведаючы мінулага, народ не можа мець будучыні”, — захаваць удалося. 

У рабоце над фільмам прынялі ўдзел вядомыя беларускія і расійскія акцёры, а ў здымачную групу ўвайшлі расійскі рэжысёр, грузінскі аператар і беларускія кінематаграфісты. Здымкі цалкам праходзілі на тэрыторыі Беларусі: на экране гледачы ўбачаць розныя рэгіёны краіны, нашы велічныя палацы, прыгожыя родныя краявіды і незвычайныя дэкарацыі Альшанскага замка. 

Яўгенія ГАБЕЦ