Рэспубліканская акцыя “За Беларусь адзіную!” працягваецца. У снежні ўдзельнікі праекта ўжо наведалі пяць гарадоў у розных рэгіёнах краіны.
На Гомельшчыне падзеі разгортваліся ў Светлагорскім цэнтры культуры, куды завіталі зорныя госці — вакалісты арт-групы “Беларусы” пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Валерыя Шмата. На канцэрце таксама выступілі вядучыя мяс цовыя калектывы і сольныя выканаўцы. Акрамя таго, адбылася выстава прэзентацыя дасягненняў сацыяльнай сферы раёна за апошнія гады.
— Я рада, што яшчэ адна патрыятычная акцыя стала часткай гісторыі Светлагоршчыны. Праект прыцягнуў увагу і пакінуў яркія і прыемныя эмоцыі ва ўсіх, хто да яго далучыўся. Хацелася б выказаць вялікую падзяку арганізатарам, калектывам нашага краю і асабліва артгрупе “Беларусы” за свята адзінства, падоранае жыхарам нашага горада, — адзначыла намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкама Ларыса Вяраксіч.
Наступным пунктам патрыятычнай акцыі быў Ельскі гарадскі дом культуры “Колас”. У мерапрыемствах паўдзельнічалі старшыня райвыканкама Віктар Замосцік, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх і праф саюзных арганізацый. Цэнтральнымі падчас канцэртнай праграмы сталі яскравыя нумары групы ByCity і музыкантаў Генадзя Вішнякова, Жанны Карпенка з аркестра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы.
У Добрушы ў рамках праекта правялі імпрэзу “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!”. На сцэну раённага Палаца культуры выйшлі найлепшыя мясцовыя вакальныя і харэаграфічныя калектывы: народны ансамбль народнай песні “Свята”, народны мужчынскі вакальны ансамбль “Талака”, ансамбль народнага танца “Крынічка” ды іншыя артысты. Былі таксама арганізаваны выставы рамесных вырабаў і прадукцыі прадпрыемстваў.
— Гучалі словы пра галоўныя каштоўнасці беларускага народа: любоў да роднай зямлі, памяць аб продках і павагу да бацькоў. Такія акцыі неабходныя, каб згуртаваць аднадумцаў незалежна ад іх узростаў і прафесій. Мы павінны аб’яднацца, каб захаваць нашу спадчыну для будучых пакаленняў, — заўважыла дырэктар раённага Палаца культуры Раіса Мядзведзева.
Акцыю “За Беларусь адзіную!” праводзяць Маладзёжны тэатр эстрады, Міністэрства культуры і абласныя выканаўчыя камітэты. Галоўныя мэты — умацаванне адзінства і згуртаванасці беларускага народа і падтрымка яго культурнай ідэнтычнасці. Усяго плануецца ахапіць праектам 30 рэгіёнаў рэспублікі.