Саюзнай дзяржаве — чвэрць стагоддзя. За гэты час зроблена нямала, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Усё створанае ярка дэманструе паспяховасць унікальнага міждзяржаўнага аб’яднання Беларусі і Расіі.
Старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў зварот да народаў братэрскіх краін у гонар 25-годдзя падпісання Дагавора аб Саюзнай дзяржаве. Лідар нагадвае пра плён цеснага ўзаемадзеяння.
— Роўна чвэрць стагоддзя таму, 8 снежня 1999 года, мы адкрылі новы гарызонт у нашых адносінах. Гэтае без перабольшання лёсавызначальнае рашэнне дало магчымасць двум братэрскім народам пераадолець разбуральныя цэнтрабежныя тэндэнцыі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы і перайсці да будаўніцтва агульнага саюзнага дома на трывалай аснове гістарычнай, духоўнай і культурнай супольнасці, на аснове павагі суверэнітэту і нацыянальнай ідэнтычнасці дзвюх дзяржаў, — гаворыцца ў звароце.
Аляксандр Лукашэнка лічыць заканамерным тое, што саюз Беларусі і Расіі мае шырокую падтрымку нашых народаў. Прэзідэнт упэўнены: Саюзная дзяржава адбылася і ярка дэманструе сваю паспяховасць.
Паводле слоў лідара, за два з паловай дзесяцігоддзі зроблена нямала. “Мы шматразова прымножылі інтэграцыйныя сувязі па самым шырокім спектры напрамкаў. Рэалізавалі шэраг інавацыйных праектаў у розных галінах народнай гаспадаркі. Заняліся сумесным даследаваннем космасу, развіццём высокіх тэхналогій і атамнай энергетыкі”, — канстатуе Прэзідэнт.
Таксама ў звароце адзначаецца, што грамадзяне Беларусі і Расіі маюць роўны доступ да адукацыі, аховы здароўя, сістэмы сацыяльнага забеспячэння, бесперашкоднае права на працаўладкаванне, свабоднае перамяшчэнне і выбар месца жыхарства.
Кіраўнік дзяржавы падкрэслівае: “У няпростых умовах мінулага перыяду мы шматразова маглі пераканацца, наколькі важныя магчымасці, якія дае нам такая інтэграцыя, наколькі каштоўнай з’яўляецца ўзаемная падтрымка”.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што разам мы пераадолеем усе цяжкасці, пацвярджаючы правільнасць выбранага 25 гадоў таму курсу на з’яднанне і сумеснае развіццё Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы ў імя нашых народаў.