Зачараваць светам кнігі

Чым у эпоху інфармацыйных тэхналогій завабіць падрастаючае пакаленне? Як далучыць да бібліятэчнага жыцця маладога чытача? Пытанні, якімі сёння задаюцца работнікі кніжных скарбніц, разглядаліся падчас канферэнцыі “Роля дзіцячых бібліятэк у захаванні культурнай спадчыны і папулярызацыі чытання ў юнацкім асяроддзі”.

Размова праходзіла 21 лістапада ў Мінску. Адмыслоўцы сабраліся ў Доме прэсы, каб падзяліліцца досведам паспяховых праектаў, накіраваных на стварэнне шчырага дыялогу з дзіцячай аўдыторыяй. 

ДА ПРЫКЛАДУ, У СТАЛІЦЫ 

Сістэма дзіцячых бібліятэк Мінска ўключае 18 устаноў. Флагман — Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага, што сёлета адзначыла стагадовы юбілей. З першага дня заснавання яна грае важную ролю ў выхаванні моладзі, развіцці чытацкіх навыкаў і творчага мыслення. Штогод кніжную скарбніцу наведваюць больш за 18 тысяч чалавек, а яе фонд складае каля 113 тысяч выданняў. 

— Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы рэалізуем шмат магчымасцей для дадатковай адукацыі, арганізуем культурнаасветніцкія і забаўляльныя мерапрыемствы — расказала дырэктар Таццяна Швед. — Рэгулярна ствараем новыя курсы, цыклы лекцый, інтэрактыўныя экспазіцыі. Праводзіцца індывідуальная работа з наведвальнікамі, вялікая ўвага надаецца сямейнаму чытанню. 

Асабліва насычаным з пункту гледжання праектнай дзейнасці, паводле слоў кіраўніцы, атрымаўся гэты год. Так, з лютага па кастрычнік ва ўстанове разгарнулася акцыя “Мая бібліятэчная гісторыя”, удзельнікі якой дзяліліся асабістымі цёплымі ўспамінамі аб юбіляры. 

Папулярнасць у аўдыторыі набылі “Бібліяпрыцемкі-2024” — вячэрнія сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі Ірынай Токаравай, Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Паўлам Гушынцам, якія ладзілі тэатралізаваныя чытанні, майстаркласы, літаратурныя віктарыны, настольныя гульні. Выступленні слынных аўтараў праходзілі і ў рамках праекта “Бібліятэка пад адкрытым небам”. 

— Усе ініцыятывы прасоўваем праз інтэрнэт-рэсурсы, у прыватнасці праз сацыяльныя сеткі — значны для сучаснай моладзі канал камунікацыі. Працягваем развіваць сайт. Дарэчы, у 2022-м ён заваяваў трэцяе месца ў намінацыі “Адукацыя і навука” інтэрнэт прэміі ТІBО, — распавяла Таццяна Швед. 

У ДАПАМОГУ — ЛІТАРАТАРЫ 

Як адзначыў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Міхаіл Пазнякоў, супрацоўніцтва дзіцячых бібліятэк з сучаснымі літаратарамі даўно стала добрай традыцыяй і эфектыўным спосабам прыцягнення моладзі. 

— Айчынныя творцы заўсёды дапамагалі нам выхоўваць у падрастаючым пакаленні патрыятызм ды любоў да роднай мовы і культурнай спадчыны, — падкрэсліла дырэктар бібліятэкі імя М. Астроўскага. — І сёння сябры Саюза ўласным прыкладам натхняюць юных наведвальнікаў на высокія дасягненні! Дзякуючы сёлетняй акцыі “100 сустрэч з чытачом” і праекту “Кабінет пісьменніка” да нас завітала мноства выбітных дзеячаў. 

Так, завяршальным акордам Тыдня дабра, арганізаванага дзіцячай бібліятэкай №10, стала прэзентацыя кнігі Ірыны Карнаухавай “Прелюдия Рахманинова, или Советы пса по кличке Релакс”. А літаратарка Святлана Бахнава правяла майстарклас, прымеркаваны да Сусветнага дня дабрыні. 

Цесныя сяброўскія адносіны звязваюць юбіляра і з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі: у некалькіх бібліятэках сістэмы працуюць профільныя цэнтры, куды прыходзяць і дзеці, і бацькі. Створаная тут база абнаўляецца штомесяц, а значыць наведвальнікі атрымліваюць сапраўды актуальныя звесткі. Рэгулярна ладзяцца ўрокі прававой пісьменнасці, дзе навучэнцы мінскіх школ знаёмяцца з заканадаўчымі асновамі дзяржавы і развіваюць грамадзянскую адказнасць. 

НАЦЫЯНАЛКА — ПОБАЧ 

Актыўную працу з юнацкай аўдыторыяй ажыццяўляе і галоўная скарбніца Беларусі, дзе з 2024-га функцыянуе дзіцячы кніжны цэнтр. 

— У нас дзейнічае праграма “Прафесар”, якая прадугледжвае атрыманне навыкаў інфармацыйнага пошуку, адбору і аналізу зместу розных відаў дакументаў, — расказала галоўны бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Вольга Палунчанка. — Тут выкарыстоўваецца той масіў рэдкіх матэрыялаў, якога няма ў іншых установах. Напрыклад, багаты фонд выяўленчых дакументаў. 

Сумесна з Міністэрствам адукацыі цэнтр рэалізуе праект “Быць годнымі іх Вялікай Перамогі!”. У праграме — цэлая серыя мерапрыемстваў. Гэта і цыкл бібліяграфічных урокаў, і перасоўныя кніжныя выставы “Салют вам, салдаты Перамогі!”, і конкурсы творчых работ, і экскурсіі. 

У 2025-м, па словах Вольгі Палунчанка, з нагоды юбілею Вялікай Перамогі ўстанова прадставіць шэраг новых ініцыятыў. Сярод іх — заняткі па гісторыі, рэспубліканская навуковая канферэнцыя з удзелам школьнікаў Расійскай Федэрацыі “Застацца чалавекам у полымі вайны”, выданне зборніка і манаграфіі па выніках форуму, святочны канцэрт “Мы вартыя іх Вялікай Перамогі” ды многае іншае. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з сайта Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска