Сто прыступак музыкі

Апублiкавана: 11 снежня 2024 Стужка Музыка Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. Глінкі 29 лістапада ўрачыста святкуе векавы юбілей. Адмысловы гранд-канцэрт пройдзе ў рамках 50-га фестывалю “Беларуская музычная восень” і будзе настолькі аб’ёмным, што пачатак прызначаны на дзве гадзіны раней, чым звычайна.

Напярэдадні падзеі мы паразмаўлялі з дырэктарам навучальнай установы, старшынёй вучэбнаметадычнага аб’яднання ў сферы сярэдняй спецыяльнай адукацыі на рэспубліканскім узроўні па спецыяльнасцях у галіне культуры, харавым дырыжорам, даследчыкам мастацтва Аляксеем Снітко

Аляксей Снітко

— Аляксей Іванавіч, цягам года ладзілася безліч творчых праектаў да юбілею — не толькі ў каледжы, але і на іншых пляцоўках, уключаючы абе дзве залы сталічнай філармоніі. У чым адметнасць цяперашняга гранд канцэрта? 

— Частку вечарыны зоймуць віншаванні, а галоўная ідэя імпрэзы — паказаць усе стрыжнёвыя напрамкі, па якіх развівалася падрыхтоўка спецыялістаў, тыя напрамкі, што сталі асновай беларускай нацыянальнай культуры. Найперш гэта акадэмічная сфера. Яна будзе прадстаўлена сімфанічным аркестрам і салістамі са спецыяльнасцей “Фартэпіяна”, “Струнныя смычковыя інструменты”. Важны кірунак — народнае музычна выканальніцкае мастацтва. Яго прэзентуюць хор “Бліскавіца”, зводны аркестр беларускіх і рускіх народных інструментаў. Эстрадны напрамак ахопіць класіку джаза, якую сыграе наш джаз-бэнд. Фінальныя харавыя кампазіцыі прадэманструюць адзінства ўсяго калектыву, педагогаў і навучэнцаў. Знакамітая “Спадчына” Ігара Лучанка на верш Янкі Купалы стане сімвалам сувязі пакаленняў, мінуўшчыны і сучаснасці, традыцый і наватарства. 

— Ці можаце вылучыць самыя важныя вехі стагадовага шляху? 

— Наш тэхнікум (так каледж называўся ў 1924м) — адна з першых навучальных устаноў рэспублікі, што рыхтавалі прафесійныя музычныя кадры. Важны этап далейшага развіцця такой адукацыі — адкрыццё ў розныя гады падобных вучылішчаў па ўсёй краіне. Гэта было пашырэнне не толькі геаграфіі, але і агульнай жанравай панарамы музычнага мастацтва. Пры ўсім ахопе асноўных неабходных спецыяльнасцей музычныя вучылішчы, як іх тады называлі, часта мелі профіль, што адлюстроўваў мясцовыя асаблівасці, попыт. Нельга не адзначыць сярэдзіну 1970х, калі мы атрымалі новы будынак, дзе знаходзімся і цяпер. Вядома, вехі развіцця — і прысваенне каледжу ў 1957м імя рускага класіка Міхаіла Глінкі (дарэчы, ён быў родам са Смаленшчыны, меў беларускія карані), і шматлікія перайменаванні навучальнай установы, што адлюстроўвалі змены ў грамадстве. Да юбілею мы выдалі буклет, у якім апісваецца гісторыя і сучаснасць каледжа, асноўныя этапы яго шляху. 

— У чым бачыце самыя яркія дасягненні ўстановы? 

— У музыкантах, якіх мы ўзрасцілі. Тых, хто сфарміраваў і працягвае развіваць музычную культуру краіны, робіць унёсак у падрыхтоўку кадраў, у з’яўленне і выкананне новых твораў, што праз час становяцца беларускай класікай. Мы ганарымся мерапрыемствамі, якія ладзяцца на нашай базе. Гэта аж 10 конкурсаў: міжнародных, рэспубліканскіх, гарадскіх. Яны ахопліваюць самыя розныя музычныя спецыяльнасці. Да прыкладу, конкурс канцэртмайстарскага майстэрства імя В. Савіна, харавых і сольных спеваў “Вясновы спеў”, камерных ансамб ляў “Струны Арфея”. Да юбілею спіс папоўніўся: увесну мы арганізавалі І Міжнародны конкурс выканальніцка га мастацтва імя М. Глінкі. На нашым рахунку — і дзясяткі адукацыйных праектаў: міжнародны “Да вяршынь творчасці”, Мінскае харавое свята “Спявай, мая сталіца” ды іншыя. Кожны год праводзім каля пяці такіх буйных мерапрыемстваў. Нашы навучэнцы і калектывы перамагаюць на замежных конкурсах і фестывалях, удзельнічаюць у самых значных дзяржаўных канцэртах, уключаючы тыя, што суправаджаюць уручэнне прэмій Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”, ладзяцца да свят і памятных дат.

“Сёння Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. Глінкі ўпэўнена займае вядучыя пазіцыі сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры. Каледж працягвае развівацца, рэалізоўваючы мноства творчых праектаў, беражліва захоўваючы і прымнажаючы традыцыі, уносіць важкі ўклад у выхаванне новага пакалення музыкантаў”. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч

— Юбілей не падстава спыняцца? 

— У 2025м найважнейшая дата — 80годдзе Перамогі. Мы рыхтуем міжнародны творчы праект “Зорка Вялікай Перамогі”. Гэта будзе маштабны канцэрт, зроблены сіламі таленавітай моладзі Беларусі і Расіі. Акрамя вядомых мелодый, прагучаць новыя кампазіцыі айчынных і расійскіх аўтараў. Падобныя праграмы спрыяюць патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў, скіраваны на зберажэнне гістарычнай памяці і далучэнне моладзі да найлепшых узораў вакальнасімфанічнай спадчыны. Зразумела, планы звязаны таксама з удасканальваннем музычнай адукацыі, далейшым павышэннем якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, ада птацыяй іх да свежых патрабаванняў інфармацыйнага грамадства, уменнем арыентавацца ў сучасных умовах, быць мабільным, гатовым і да інавацый, і да захавання найлепшых традыцый музычнай педагогікі, выканальніцтва, музыказнаўства. Вельмі важна, каб нашы выпускнікі падтрымлівалі ў сабе азарт, натхненне, імкнуліся пастаянна павышаць прафесійны ўзровень, заставаліся цікавымі для вучняў, слухачоў, гледачоў, пісалі творы, распрацоўвалі праекты, канцэртныя праграмы — іншымі словамі, працягвалі рабіць унёсак у музычнае жыццё краіны. 

Сумеснае выступленне аркестраў беларускіх і рускіх народных інструментаў.

Дырыжор — Сяргей Гладкі 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва каледжа