Ва ўсе часы бібліятэка была асяродкам культуры і прыгажосці. Далучаючыся да паэтычнага і празаічнага слова, чытачы не проста ўзбагачаліся духоўна, але яшчэ і сустракаліся праз творы з іх аўтарамі. Праз пэўныя словы, думкі і выказванні чытачы вучыліся разумець пісьменніка, бачыць яго ўнутраны свет. Аднак на сённяшні дзень сустрэцца з празаікамі і паэтамі можна не толькі праз старонкі кніг. Яны самі прыходзяць на сустрэчу да сваіх чытачоў.
Чарговая сустрэча з творчым і апантаным чалавекам прайшла ў філіяле “Варнянская сельская бібліятэка-клуб” . На гэты раз на кубачак гарбаты сюды завітала таленавітая паэтка Рытта Ракіцкая. У сувязі з гэтым быў арганізаваны літаратурны вечар “Удыхаючы ў жыццё словы і радкі”. Астраўчане добра ведаюць, што Рытта Леанардаўна – іх зямлячка. Яна нарадзілася на астравецкай зямлі, якая натхніла паэтку да творчасці, падаравала творчы запал. Узнёсла і прыгожа з вуснаў паэткі гучалі вершы пра каханне, прыроду, сямейныя узаемаадносіны. Ёсць месца ў творчасці аўтаркі і для патрыятычнай лірыкі. Верш пра невядомага салдата расчуліў прысутных, прымусіў задумацца над галоўнымі вартасцямі – мірам і жыццём.
На сённяшні дзень Рытта Ракіцкая знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але ў душы ёй і сёння васямнаццаць. Гэта адчуваецца па яе творах – простых, прыгожых і светлых. Пісаць будучая паэтка пачала ў шаснаццаць год. З таго часу яна ўжо ніколі не адкладала творчага пяра, стварала прыгожыя і мілагучныя вершы. Акрамя паэзіі, Рыта Леанардаўна вяжа, разгадвае сканворды і, канешне ж, чытае. Мастацкая літаратура натхняе жанчыну, дапамагае гарманічна развівацца.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі