Намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка 2 снежня прадставіў супрацоўнікам Міністэрства культуры новага кіраўніка — Руслана Чарнецкага.
Перадусім Ігар Петрышэнка адзначыў, што наша галіна, цікавая сама па сабе, вырашае найважнейшыя задачы. Звяртаючыся да Руслана Чарнецкага, намеснік Прэм’ер-міністра сказаў:
— Шмат таленавітых, творчых праектаў вы рэалізоўвалі як вядучы майстар сцэны, шмат сыграна роляў. Цяпер усё пасапраўднаму. Як сказаў Прэзідэнт, “памры, але выканай задачы”. Будзем імкнуцца разам з усёй сферай, а таксама з іншымі калегамі, таму што галіна культуры не можа быць на асобным трэку. Гэта арганічны змест усяго жыцця краіны.
Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што без культуры немагчыма рэалізаваць большасць праектаў.
— Гэта датычыцца і тэатра, і кінематографа, Кіраўнік дзяржавы сёння справядліва адзначыў. Я думаю, у гэтую сферу вы, Руслан Іосіфавіч, як прафесіянал яшчэ больш унікнеце і разберацеся ў ёй, — лічыць віцэ прэм’ер. — І мы сапраўды наш кінематограф падымем на тую вышыню, якую чакае і якую заслугоўвае глядач, бо нам ёсць чым ганарыцца: матэрыяльная база выдатная, артысты, сцэнарысты, рэжысёры ёсць, тобок мы ўсё гэта можам. Іншыя сферы вам таксама знаёмыя. Сёння Кіраўніком дзяржавы ўзгоднена і прызначэнне першага намесніка — гэта чалавек з галіны, ён кіраўнік. Я думаю, што двайной цягай плюс намаганні ўсяго калектыву, і ўсе тыя задачы, якія ёсць, яны абавязкова атрымаюцца. Хочацца пажадаць поспехаў, творчага натхнення, каб кожнае ваша кіраўніцкае рашэнне было напоўнена не толькі творчым падыходам, але і творчай грунтоўнай рэалізацыяй на карысць развіцця культуры нашай краіны і ў цэлым нашага грамадства, каб мы заў сёды і ўнутры, і на знешнім контуры ганарыліся культурай. Нашу культуру ведаюць, любяць, цэняць, таму наша задача — яе далей прасоўваць.
Руслан Чарнецкі падзякаваў за пажаданне і цёплыя словы.
— Вялізная праца была праведзена. Мы ўсе не па чутках ведаем, што такое культура ў нашай краіне. Я шмат езджу па расійскіх фестывалях, нас усюды ставяць у прыклад. Але нам трэба будзе зрабіць яшчэ больш для далейшага развіцця культуры. Гэта тычыцца абсалютна ўсіх галін, пачынаючы з кіно, тэатраў, эстрады, бібліятэк, музеяў. Ніхто не застанецца ўбаку, таму папрацаваць прыйдзецца вельмі плённа, карпатліва. Прашу ўсіх настроіцца на прадуктыўную работу для таго, каб наша культура была эталонам для ўсіх, — адзначыў новы міністр.
Ігар Петрышэнка таксама падзякаваў Анатолію Маркевічу, які кіраваў сферай чатыры гады. Віцэпрэм’ер выказаў надзею, што калектыў міністэрства, падведамныя арганізацыі паспяхова будуць выконваць пастаўленыя задачы.