Пераможцы ХІІІ Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Самабытныя, энергічныя, адораныя – чатыры сотні салістаў і калектываў адважыліся заявіць пра сябе на адным з самых гучных спаборніцтваў. Толькі найярчэйшыя паспяхова прайшлі праз тры этапы і скарылі сэрцы судзейскай рады на чале з народным артыстам нашай краіны Леанідам Захлеўным.
Праект вядзе сваю гісторыю з 2009-га. За гэты час у ім паўдзельнічала больш за 4000 выканаўцаў і гуртоў з розных куткоў Беларусі. Найлепшыя з іх сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
— У Год якасці мы пераканаліся ў тым, як узрасло прафесійнае майстэрства нашай творчай моладзі. Вызначыць найлепшых было складана. І гэта добры знак: юнакам і дзяўчатам паспяхова ўдаецца рэалізоўваць свае здольнасці, — падкрэсліў генеральны прадзюсар Беларускага радыё Антон Васюкевіч. — Прыемна і тое, што канкурсанты ў намінацыі “Эстрадныя спевы” ахвотна адгукнуліся на заклік выканаць у трэцім туры песні, прысвечаныя 80годдзю вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Налета многія з гэтых патрыятычных выступленняў складуць аснову музычных радыёпраграм да 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Сёлетні конкурс адзначыўся новаў вядзеннямі. Спаборніцтва змяніла прапіску — цяпер арганізатарам выступіў канал “Культура” Беларускага радыё — і ўзбагацілася намінацыяй “кампазітарская творчасць”. Як адзначыла член журы, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, на ацэнку даслалі як акадэмічныя творы, так і работы ў песенным жанры, не менш важным для нацыянальнага мастацтва. Пакуль складана зразумець, для каго з удзельнікаў напісанне ўласнага музычнага матэрыялу было пробай пяра, а для каго — сур’ёзным зачынам на будучыню. Але многія з юных аўтараў, безумоўна, маюць перспектывы стаць майстрамі.
Гран-пры ў намінацыі “Эстрадны вакал” сярод салістаў заваявала магіляўчанка Аліна Пехцерава. Яна ўжо здабыла вядомасць праз выступленні на многіх міжнародных і рэспубліканскіх праектах. Дзяўчына прадстаўляла нашу краіну на дзіцячым “Еўрабачанні”, а сёлета скарыла журы на кастынгу вакальнага шоу “Фактар.by” і вымусіла суддзяў націснуць на “залатую кнопку”. Усё гэта пацвярджае высокі статус “Маладых талентаў”: у фінал спаборніцтва трапляюць сапраўды найярчэйшыя. “Дзеці, якія праз пэўны час стануць творчай элітай Беларусі”, — адгукнулася пра трыумфатараў конкурсу член журы, піяністка, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вераніка Сахарава.
Найлепшым сярод калектываў у намінацыі “Спадчына” прызнаны ансамбль народнай песні “Дзівінскія пералівы” Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа. Гурт даволі малады: заснаваны ў 2022-м. Але ж за два гады навучэнцы паспелі прагрымець на шматлікіх пляцоўках у Беларусі, Расіі і Кітаі. У аснове рэпертуару — як аўтэнтычны фальклор, так і апрацоўкі ды аўтарскія песні. У катэгорыі “Інструментальная музыка. Ансамблі” найвышэйшая ўзнагарода дасталася ўзорнаму ансамблю “Джайв акорд” Жодзінскай дзіцячай школы мастацтваў.
Выхаванец Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Ілья Кісялёў атрымаў гранпры ў намінацыі “Інструментальная музыка. Акадэмічныя інструменты. Салісты”. Сярод выканаўцаў на народных інструментах пераможцай стала Аляксандра Смірнова. Дзяўчына займаецца ў Магілёўскай дзіцячай школе мастацтваў №1 імя Ігара Лучанка па класе домры. Дванаццацігадовая артыстка дзеліцца: раней здабыла гранпры яшчэ аднаго аўтарытэтнага спаборніцтва — Х Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча — і спыняцца на дасягнутым не плануе. За мэту сабе Аляксандра паставіла стаць запатрабаваным музыкантам і дамагчыся прызнання публікі.
Конкурс “Маладыя таленты Беларусі” адкрывае багатыя перспектывы. У Дзень беларускага радыё пераможцы выступілі на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў, а неўзабаве іх пачуе ўся краіна. Радыёверсія канцэрта прагучыць на канале “Культура” ў апошні дзень адыходзячага года.
Данііл ШЭЙКА