Краіна магчымасцей

Новы этап рэспубліканскай акцыі “Разам з мастацтвам” працягваецца: днямі дыялогавыя пляцоўкі пад дэвізам “Беларусь — краіна магчымасцей” разгарнуліся ў трох пунктах Мінскай вобласці.

Першым удзельнікаў праекта прыняў Стаўбцоўскі раённы цэнтр культуры. На сцэну вый шлі вядомыя беларускія артысты — вакалісты Маладзёжнага тэатра эстрады прадставілі яркія нумары, расказалі пра свой прафесійны шлях і адказалі на пытанні гледачоў. Таксама зорныя госці распавялі аб мерапрыемствах, якія рэалізуюцца дзяржавай для падтрымкі таленавітай моладзі.

Падчас акцыі ў Клецку

— Беларусь з’яўляецца радзімай многіх знакавых музычных фестываляў, — адзначыў спявак, кампазітар і акцёр Аляксандр Сухараў. — Акрамя таго, існуе вялікая колькасць рэспубліканскіх і рэгіянальных конкурсаў, дзе любы ахвотны можа праявіць сябе. Скажу шчыра: у маёй маладосці такога не было. Цяпер у пачаткоўцаў шмат унікальных магчымасцей для старту. 

З калегам згодныя і вопытная спявачка Алена Грышанава, і малады выканаўца, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Кірыл Кучынскі. 

— У нашай краіне для развіцця здольнасцей юнакоў і дзяўчат створаны спрыяльныя ўмовы, — падкрэсліў Кірыл. — Але многае залежыць і ад нашага жадання ды настойлівасці. Трэба старанна вучыцца, працаваць над сабой. І галоўнае — любіць сваю справу. Сапраўды высакародная толькі праца на карысць Радзімы. У гэтым перакананая ўладальніца медаля Францыска Скарыны Гюнэш Абасава. — Беларусам пашчасціла: мы жывём у выдатнай краіне пад мірным небам, шануем памяць продкаў і ўпэўнена глядзім наперад, — заўважыла артыстка. — Давайце ж берагчы родны край і разам рабіць яго лепшым. Бо ў адзінстве — наша сіла. Акрамя запрошаных артыстаў, выступілі ансамбль танца “Шчабятушкі” і салісты раённага цэнтра культуры. А навучэнцы мясцовых устаноў адукацыі падрыхтавалі выставу творчых работ. 

На сцэне Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры

У гэты ж дзень, 19 лістапада, артысты наведалі ўстановы культуры ў Нясвіжы і Клецку, назаўтра завіталі ў Нацыянальны дзіцячы цэнтр “Зубраня”, а 27-га правялі сустрэчы ў паўночным рэгіёне. Усяго ж у рамках новага этапу акцыі “Разам з мастацтвам” мяркуецца зладзіць 10 дыялогавых пляцовак, ахапіўшы Магілёўскую, Віцебскую і Мінскую вобласці. Арганізатарамі праекта выступаюць Маладзёжны тэатр эстрады пры падтрымцы Міністэрства культуры сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. 

Данііл ПІЎКАРЭЦ 

Фота з Telegram-канала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь