Беларусь, Кітай, Расія — XXXV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі падвёў вынікі. Найлепшых танцораў назвалі ў Віцебску 24 лістапада.
Юбілейны форум стаў сапраўды багатым на імпрэзы: выступленні вядомых танцавальных аб’яднанняў, майстар-класы, экспазіцыі, творчыя сустрэчы. Акрамя насычанай канцэртнай і асветніцкай праграмы, увагу гледачоў прыцягнула цэнтральная падзея IFMC — конкурс сучаснай харэаграфіі. Пасля закрытых тураў у фінал патрапілі 13 калектываў з Беларусі, Кітая і Расіі. Вынікі спаборніцтва падвялі ў канцэртнай зале “Віцебск” у апошні фестывальны дзень. Пераможцаў і лаўрэатаў вызначыла журы, у склад якога ўвайшлі харэографы з Беларусі, Іспаніі, Расіі, Сербіі і са Швецыі.
Галоўны прыз атрымаў Ю Цзяцзюн з Кітая: удзельнік тэатра песні і танца горада Усі прэзентаваў нумар “Выгравіраванае дыханне”. Першую прэмію заваяваў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны харэаграфічны ансамбль “Алеся” дзякуючы рабоце “Створым свет”. Другой прэміі ўдастоены лабараторыя эстраднага танца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў за пастаноўку “Месца пад сонцам” і самарская танцавальная кампанія “Рака” за нумар “Латарэя адказнасці”. Трэцюю прэмію падзялілі праект Ганны Канстанцінавай (твор Hands down), які прадстаўляў Віцебск, і вучэбны ансамбль сучаснага танца “Акадэмія” з Цюмені (“Моўчкі гаварыць”).
Знайшлі сваіх уладальнікаў і спецыяльныя прызы. Прэміяй імя Яўгена Панфілава найлепшаму харэографу конкурсу ўжо другі раз уганараваны кіраўнік гомельскага праекта “XперЫменты” Валянцін Ісакаў. Узнагароду за глыбіню і пачуццёвасць вобраза ўручылі пецярбуржцам — артыстам праекта Алены Лісной (работа Every thing to recall). Прэмію за канцэптуальнасць мастацкага выказвання атрымаў танцавальны праект “Маяк” (нумар “Без вестак”) — таксама з СанктПецярбурга.
Пасля ўзнагароджання лаўрэаты яшчэ раз паказалі свае пастаноўкі. Заключным акордам фестывалю быў спектакль “Прыгажосць” ад Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра і расійскага калектыву “Балет Яўгена Панфілава”.