Цяпер — на Віцебшчыне

Апублiкавана: 29 лiстапада 2024 Стужка Музыка Віцебск і воблась

Аўтар: Аўтары

Мноства шчырых сустрэч, яркіх экспазіцый, займальны квэст і грандыёзны канцэрт — рэспубліканская грамадска-культурная акцыя “Марафон адзінства” набывае ўсё большы размах. Якія мерапрыемствы разгорнуцца 29 і 30 лістапада ў Віцебску і куды праект адправіцца далей?

У праграме першага дня “Марафону адзінства” ў Віцебску — безліч цікавых выстаў, дзве з якіх створаны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Гэта экспазіцыя “Кнігі ў дар Прэзідэнту”, што прысвечана выданням, падораным Кіраўніку дзяржавы буйнымі палітычнымі, грамадскімі і культурнымі дзеячамі, а таксама праект “Са знакам якасці”, у межах якога прадстаўлены збор рарытэтных плакатаў.

Віцябляне і госці горада ўбачаць і такія выставы, як “Стагоддзе беларускага кіно” Нацыянальнага гістарычнага музея і студыі “Беларусьфільм”, “Подзвігі і лёс партызан у дакументах” выдавецкага дома “Беларусь сёння”, многія іншыя. 

Не абыдзецца без яркіх новаўвядзенняў. Упершыню ў рамках акцыі артысты Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь правядуць адразу два майстаркласы ў музычным каледжы імя І. Салярцінскага і школе мастацтваў імя А. Багатырова. Разгорнецца і новы праект “Маё жыццё. Мой шлях. Мой Прэзідэнт”, распачаты нядаўна ў Магілёве. 

Наступны дзень “Марафону адзінства” абяцае быць такім жа насычаным. Так, у Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. Леніна пройдзе цырымонія перадачы кніг і сертыфіката на падключэнне да электронных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі “Веды без меж”. 

Перад Палацам спорту пакажуць мабільную выставу Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, зладзяць гарадскі квэст “Гэта ўсё маё роднае”. Працягнуць працаваць і прадстаўленыя напярэдадні экспазіцыі. 

Традыцыйна чакаецца “Знакавая сустрэча”, у якой на гэты раз паўдзельнічаюць старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, генеральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч і галоўны рэдактар “Альфа Радыё” Вадзім Шэпет. “Крыніцы інфармацыі: каму давяраць?” — тэма размовы ў Віцебску. Фінальным акордам святочнай праграмы стане канцэрт “Час выбраў нас”. 

Нагадаем, што старт рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі 17 верасня даў Прэ зідэнт Аляксандр Лукашэнка. “Марафон адзінства” ўжо ахапіў гарады Мінскай, Гомельскай, Брэсцкай, Магілёўскай абласцей. Пасля Віцебска праект завітае ў Оршу.