Пад шэпат лісця сонечных адценняў сыходзіць восень. А разам з ёй набліжаецца да фіналу 50-ы Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень”. Два месяцы творчага форуму — гэта больш як 40 выбітных канцэртаў. А колькі яшчэ не змясцілася ў афіцыйную праграму імпрэз, што адбыліся ў сталічнай філармоніі паралельна, толькі без фестывальнай эмблемы…
Мелодыі — на ўсе густы. У абе дзвюх залах — аншлагі. Сімва лічна, што пачынаўся форум у Міжнародны дзень музыкі. На сцэне ўладарыў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, а саліраваў прафесар нашай Акадэміі музыкі Уладзімір Дулаў.
Сярод самых, бадай, чаканых замежных гасцей быў лаўрэат Міжнароднага конкурсу імя П. Чайкоўскага Ілья Папаян. Ён прыехаў не з “хітамі” ХІХ стагоддзя, а з класікай... джаза! Прычым іграў у суправаджэнні не заўзятых джазменаў ці нават біг бэнда, а... згаданага філарманічнага аркестра, якім у той вечар дырыжыраваў Юрый Караваеў. Бляск! Чорнабелая клавіятура раяля заззяла ўсімі фарбамі не восені — вясны!
Гэты ж аркестр, толькі з іншымі салістамі, падрыхтаваў да фестывалю дзве буйныя беларускія прэм’еры. 14 лістапада была прэзентавана опера Сяргея Бельцюкова “Крылы” паводле знакамітай паэмы Роберта Раждзественскага. Вядома, у канцэртным выкананні, што ў сусветнай практыцы даўняя норма. Яно нярэдка папярэджвае тэатральнае ўвасабленне. А 28-га запланавана яшчэ адна прэм’ера: упершыню прагучыць Скрыпічны канцэрт Аліны Безенсон, да чыёй музыкі нашы артысты часта звяртаюцца, асабліва ў камерных праграмах.
Аж пяць фестывальных імпрэз падрыхтаваў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча на чале з Аляксандрам Крамко. У “музычнавосеньскай” скарбонцы калектыву аказаліся настальгічныя “Знаёмыя мелодыі”, сольнік Пятра Ялфімава “Восеньская мелодыя” з блокам адметнай беларускай спадчыны, канцэрт “Мелодыі лёсу” да 95годдзя з дня нараджэння народнага артыста БССР Яўгена Глебава. Улічваючы, колькі прагучала твораў гэтага знанага кампазітаракласіка з розных фільмаў, праграму можна ўспрымаць і як падарунак да 30га фестывалю “Лістапад” ды 100годдзя айчыннага кіно. З дырыжорам Аляксандрам Высоцкім той жа калектыў узрадаваў віртуознымі “Танцамі свету”. Маэстра прадставіць і грандыёзны фінал “Восені”, з’яднаўшы два згаданыя аркестры — сімфанічны і народны.
Праект “Музычная гасцёўня”, якім кіруе Таццяна Старчанка, справіў на фестывалі 20годдзе. Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”, што адным з першых пачаў адраджаць нашу фальклорную спадчыну, днямі адзначыць 40 гадоў. А фартэпіянны дуэт Наталлі Громавай і Валерыя Баравікова не абмінуў 225гадовы юбілей А. Пушкіна, заявіўшы праграму “Мы сыграем вам казку”. Пра 90годдзе з дня нараджэння Альфрэда Шнітке нагадае струнная група Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Фінберга. Між тым поўны склад калектыву прапануе “Музыку паза часам”.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА