Міністр культуры Анатолій Маркевіч сустрэўся з удзельнікамі творчай стажыроўкі беларусаў замежжа. Мерапрыемства прайшло ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 14 лістапада.
Дыялогавая пляцоўка з удзелам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча і ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандра Румака стала знакавай падзей у праграме творчай стажыроўкі, якую Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур зладзіў для кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа.
Звяртаючыся да суайчыннікаў, якія воляю лёсу жывуць у іншых краінах, Анатолій Мечыслававіч адзначыў, што ўсё больш беларусаў замежжа адчуваюць патрэбу “ўспомніць імя сваё”. Бо ў сённяшнім свеце, калі Захад скочваецца да духоўнай дэградацыі, наша дзяржава застаецца духоўнай крэпасцю, абараняе традыцыйныя каштоўнасці, веру і культуру.
— Мы павінны спыніць каламутны паток, які льецца ў свядомасць нашых дзяцей, — заклікаў Анатолій Маркевіч і прапанаваў выхоўваць іх, як рабілі нашы продкі. Балазе ёсць на чым — на прыкладах з гераічнай айчыннай гісторыі, на духоўнай спадчыне беларускага народа і традыцыйных сямейных каштоўнасцях. Нашы музеі і аб’екты гістарычнай спадчыны —“натуральнае асяроддзе” для выхавання новага пакалення. Школьнікі раз у месяц бясплатна наведваюць скарбніцы краіны. Рэалізуецца праграма “Урокі ў музеі”. Адроджаны палац у Косаве, Стары замак у Гродне, іншыя месцы, дзе праводзяцца балі, фестывалі з удзелам моладзі. А ў 2026м узвядуць будынак Нацыянальнага музея гісторыі Беларусі, што паспрыяе ўмацаванню патрыятычных пачуццяў.
Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што патрыятычная тэматыка выходзіць на першы план і ў рабоце тэатраў, кінастудыі “Беларусьфільм”. Прымаюцца меры і па ўмацаванні сямейных каштоўнасцей. На тое нацэлены новыя святы: Дзень маці і Дзень бацькі, Тыдзень бацькоўскай любові ды іншыя.
Міністр распавёў і пра новыя цэнтры сілы — Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва і БРІКС, у якіх голас Беларусі гучыць нароўні з іншымі вялікімі дзяржавамі. Наша краіна мае шмат сяброў па ўсім свеце. Напрыклад, у 2024м на “Славянскі базар у Віцебску” з’ехаліся больш за 7 тысяч артыстаў з 42 дзяржаў, а на ўдзел у Мінскім кінафестывалі “Лістапад” паступіла больш за 3400 заявак са 124 краін свету. Па словах кіраўніка галіны, мы арганізуем такія маштабныя праекты, каб аб’яднаць намаганні аднадумцаў у справе супрацьстаяння маральнаму нігілізму.
— Культура ў нашай краіне разглядаецца як стратэгічны рэсурс, які дазваляе ў эпоху глабалізацыі захаваць Беларусь як суверэнную дзяржаву. Таму яе падтрымка з’яўляецца інвестыцыямі ў нацыянальную бяспеку. Бо толькі чалавек, выхаваны ў традыцыях нацыянальнай культуры, можа стаць паўнавартасным грамадзянінам, патрыётам і абаронцам сваёй краіны, — заўважыў міністр.
— За трыццаць гадоў мы пабудавалі сваю краіну, дзе хочацца жыць і радавацца жыццю. Галоўная заслуга ў гэтым належыць нашаму Прэзідэнту, Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Ён — лідар нацыі, моцны і надзейны, які ніколі не кіне і не здрадзіць свайму народу, не ўкіне яго ў бездань вайны або сумнеўных эканамічных рэформаў, — сказаў Анатолій Маркевіч.
Напрыканцы размовы ён заўважыў:
— Вы замежнікі толькі па пашпарце, а па духу — родныя для нас людзі, можна сказаць, жыхары восьмага рэгіёна. Хочацца, каб не толькі вы, але і вашы дзеці, унукі і праўнукі захоўвалі беларускасць ва ўсім — ад мовы, звычаяў, песень да характару і стаўлення да жыцця… Вярнуўшыся дадому, раскажыце пра тое, што вы ўбачылі на свае вочы. І няхай вашы сябры таксама палюбяць Беларусь, як любім яе мы… У нас з вамі адзіны скарб — Беларусь. Дык давайце ж будзем разам праслаўляць яе — словам, працай і песняй.