Выйсці на новы ўзровень

Апублiкавана: 23 лiстапада 2024 Стужка Кіно Мінск

Аўтар: Аўтары

Аб рабоце Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” у 2024 годзе і перспектывах развіцця айчыннага кінематографа гаварылі 18 лістапада на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры.

Перадусім міністр Анатолій Маркевіч адзначыў, што час патрабуе ад прадстаўнікоў сферы пастаяннага ўдасканалення метадаў працы, высокай адказнасці і дысцыпліны. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу — вывесці “Беларусьфільм” на новы ўзровень развіцця. І яе належыць выканаць. 

МАЕМ ПЛЁН 

Начальнік аддзела па кінемата графіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга паведаміла, што за 2023 год і мінулы перыяд 2024га былі забяспечаны бясстратная дзейнасць “Беларусьфільма” і рост шэрага фінансаваэканамічных паказчыкаў. Перагледжаны падыходы да арганізацыі вытворчасці кінапрадукцыі, у прыватнасці па наладжванні бесперапыннай загрузкі студый, па выбары тэматыкі прадукцыі на аснове прапаноў кінапракатных прадпрыемстваў. Гэта прынесла станоўчыя вынікі. Вырасла колькасць знятых карцін і выручка ад рэалізацыі маёмасных правоў на стужкі. “Беларусьфільм” займаецца пераходнымі праектамі, якія будуць завершаны ў 2025 і 2026 гадах, што забяспечыць стабільную, бесперапынную працу студый і рэгулярнае з’яўленне новых твораў на айчынных і замежных экранах. 

Шырока і з поспехам былі прэзентаваны публіцы карціны “Час вярнуцца”, “Культурны код”, “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”, “Песня Сірын”. Да канца 2024га запланаваны прэм’еры “Чорнага замка” і фільма да 100годдзя беларускага кіно. А ўдзел ў XXX Мінскім міжнародным фестывалі “Лістапад” прынёс нацыянальнай студыі сем прызоў і дыплом. 

ЁСЦЬ ПРАПАНОВЫ 

Ірына Дрыга таксама акрэсліла працоўныя моманты, што патрабуюць увагі, і агучыла прапановы па далейшым развіцці прадпрыемства. У прыватнасці, Ірына Уладзіміраўна лічыць, што мэтазгодна арганізоўваць адначасовыя прэм’еры нашых стужак у рэспубліцы і за мяжой. Удзельнікі пасяджэння выказалі жаданне ўбачыць айчынныя серыялы. 

Анатолій Маркевіч узняў пытанне аб мерах па прасоўванні беларускіх фільмаў на замежным і нацыянальным рынках і падкрэсліў ролю маркетынгу ў развіцці студыі. Пра планы па ўмацаванні і пашырэнні дзелавых кантактаў з калегамікінавытворцамі, пракатнымі арганізацыямі іншых краін і па ўстанаўленні новых сувязей паведаміў генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Юрый Аляксей. 

КАДРЫ ВЫРАШАЮЦЬ 

Падчас калегіі засяродзілі ўвагу і на забяспечанасці прадпрыемства спецыялістамі. Начальнік аддзела кадравай работы і дзяржаўных узнагарод Міністэрства культуры Вольга Германовіч адзначыла станоўчую тэндэнцыю, звязаную са складам і з колькасцю адмыслоўцаў, са змяншэннем ліку вакансій і цякучасці кадраў. Разам з тым кіраўніцтву студыі ўказана на неабходнасць запаўняць вакансіі, больш актыўна павышаць кваліфікацыю падначаленых. 

Міністр культуры пацікавіўся сістэмай падтрымкі маладых спецыялістаў, што дапамагае замацаваць іх на працоўных месцах. Начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч праінфармавала аб формах дапамогі, якія выкарыстоўваюцца цяпер, у тым ліку аб так званых “пад’ёмных”, аб забеспячэнні іншагародніх інтэрнатам. 

УСЁ ДЛЯ МОЛАДЗІ 

Анатолій Маркевіч заклікаў бакі, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і працаўладкаванні моладзі, да цеснага ўзаемадзеяння. Акцэнт зрабіў на мэтавай падрыхтоўцы кадраў як на істотным інструменце, што дазваляе папоўніць штат кінастудыі неабходнымі спецыялістамі. Паводле слоў Марыны Юркевіч, паміж Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і прадпрыемствам заключана дамова аб супрацоўніцтве, таксама ўдасканальваецца аду кацыйны працэс, скарэкціраваны план прыёму на факультэт экранных мастацтваў. Як расказаў Юрый Аляксей, наладжана ўзаемадзеянне і з шэрагам іншых устаноў адукацыі. 

Анатолій Мечыслававіч падкрэсліў, што моладзі неабходная ўвага кіраўнікоў і больш вопытных калег. Аб значнасці сістэмы настаўніцтва гаварыла і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава. Яна таксама нагадала аб ільготах для маладых спецыялістаў. Міністр заявіў: усё, што можна ажыццявіць у рамках заканадаўства, павінна ўкараняцца.