У мэтах яднання

Апублiкавана: 22 лiстапада 2024 Стужка Афіцыйна Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

“Марафон адзінства” працягваецца. Сёння маштабны праект завітаў у Магілёў. 

Старт рэспубліканскай грамадска культурнай акцыі 17 верасня даў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. З таго часу марафон ахапіў гарады Мінскай, Гомельскай, Брэсцкай абласцей. На Магілёўшчыне першым яго сустрэў Бабруйск. 

Кожны прыпынак у маршруце — яркае двухдзённае свята. Многія мерапрыемствы паспелі палюбіцца публіцы, а значыць — цвёрда замацавацца ў праграме. Сярод іх — “НЯнудныя НЯлекцыі”, “Знакавыя сустрэчы”, квэсты “Гэта ўсё маё роднае”, выставы “Беларусь. Узлёт” і “Суверэнная Беларусь”. Усюды збірае чэргі зацікаўленых перасоўная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гучна і маштабна “Марафон адзінства” ў кожным горадзе завяршаецца канцэртам “Час выбраў нас”. 

Падчас канцэрта ў Бабруйску

Акрамя ўжо ўпадабаных ладзяцца і новыя імпрэзы. Так, на Бабруйскім заводзе буйнапанэльнага домабудавання адбыўся канцэрт у цэху “Разам працуем, разам спяваем”. 

— Праект рэалізоўваецца сумесна з Міністэрствам культуры. Пачатак аказаўся вельмі ўдалым. Людзі ацанілі, таму будзем працягваць. У Магілёве арганізоўваем тры такія канцэрты, — распавяла кіраўнік рабочай групы па падрыхтоўцы акцыі Ганна Лукашэнка. — Пашыраемся, стараемся зрабіць праграму больш і больш разнастайнай. І ад горада да горада мы не проста мяняем мерапрыемствы, выставы, нейкія фарматы, а дадаём новыя. 

Пасля Магілёва эстафету “Марафону адзінства” падхопяць Віцебск і Орша.