Святочны канцэрт "Свята"

Апублiкавана: 22 лiстапада 2024 Фотарэпартаж Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Учора ўвечары ў Белдзяржфілармоніі адбыўся святочны канцэрт з нагоды 40-годдзя Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі "Свята".

Павіншавала калектыў і ўручыла ўзнагароды Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь начальнік Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Кацярына Усава.

— Наш калектыў стаў першым у Беларусі фальклорным ансамблем, які пачаў адраджаць айчынную народную музычную спадчыну менавіта на прафесійнай аснове, — расказаў мастацкі кіраўнік “Свята” Вячаслаў Статкевіч. — Яго стваральнік — музыкант, кампазітар, збіральнік і выканаўца беларускага музычнага фальклору, Заслужаны артыст Беларусі Васіль Купрыяненка. Дзякуючы яму, у нашай краіне і па-за яе межамі гучаць цудоўныя песні: “Цячэ вада ў ярок”, якая стала візітоўкай ансамбля, “Мамачка родна, пусці на сяло”, “Мае вочы чорныя”, “Калі каліна не цвіла” — усе не пералічыш.

Штогод ансамбль дае больш за 120 канцэртаў. Яго можна сустрэць і на вялікіх сцэнічных пляцоўках — Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, рэспубліканскіх фестывалях “Пеўчае поле”, "Александрыя збірае сяброў" і ў маленькіх гарадах і  вёсачках. Калектыў актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх акцыях і мерапрыемствах, у канцэртах, прысвечаных святочным і памятным датам.