Узор служэння

Апублiкавана: 18 лiстапада 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Урачыстае ўшанаванне народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава з нагоды яго 70-годдзя адбылося 5 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зачытаў міністр культуры Анатолій Маркевіч.

“Ваш унёсак у захаванне і развіццё традыцый беларускага акадэмічнага мастацтва — узор найвышэйшага служэння нацыянальнай культуры, а віртуознае выканальніцкае майстэрства прынесла заслужаную шчырую любоў публікі. 

Вы паспяхова перадаяце свой багаты досвед таленавітай моладзі, выхоўваеце новыя пакаленні майстроў сцэны, якія з’яўляюцца асновай вядомых творчых калектываў і годна прадстаўляюць беларускае мастацтва ў свеце”, — гаворыцца ў віншаванні. 

Анатолій Маркевіч таксама падкрэсліў, што жыццёвы і творчы шлях юбіляра з’яўляецца прыкладам для маладога пакалення артыстаў і ўзорам беззаветнай любові да беларускай культуры. 

Ігар Алоўнікаў — прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1954 годзе ў Мінску. Музычную адукацыю атрымаў у сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага і аспірантуры Маскоўскай кансерваторыі. 

Саліст Белдзяржфілармоніі з 1980-га выступае як з сольнымі фартэпіяннымі і арганнымі праграмамі, так і ў камерных ансамблях з вядомымі інструменталістамі, а таксама сімфанічным і камерным аркестрамі. Індывідуальны піяністычны стыль вызначаюць віртуозная выканальніцкая тэхніка, яркая вобразнасць, строгая архітэктоніка музычнай формы і мяккая манера інтанавання. 

Больш за чвэрць стагоддзя Ігар Алоўнікаў займаецца педагагічнай дзейнасцю. З 1987-га па 1993-і ўзначальваў кафедру спецыяльнага фартэпіяна БДАМ, з 1993-га — прафесар акадэміі: сярод яго вучняў — лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў. З’яўляецца старшынёй журы міжнародных конкурсаў у Беларусі, уваходзіць у склад журы конкурсаў іншых краін. З 1996-га — віцэ-прэзідэнт Беларускай асацыяцыі педагогаў фартэпіяна. 

Ігар Алоўнікаў — аўтар шэрагу арганных і фартэпіянных транскрып- цый твораў І. Баха, І. Брамса, С. Рахманінава, П. Чайкоўскага, балетнай і аркестравай музыкі беларускіх кампазітараў. Дзякуючы эфектным віртуозным якасцям, яркай вобразнасці і зручнасці выкладу шырокае распаўсюджванне транскрыпцыі атрымалі і за мяжой. Яны пастаянна ўключаюцца піяністамі ў канцэртны і конкурсны рэпертуар, выкарыстоўваюцца ў педагагічнай практыцы.