Заслаўе пачынае рыхтавацца да запланаваных налета абласных “Дажынак”. А гэтай восенню там прайшло свята куды больш камернае, але падобнай тэматыкі. Ужо яго назва — “Саламяны санцакруг” — нібы адсылае да каляндарнага цыкла, які вымяраў жыццё нашых продкаў. “Музейны фэст восеньскага сонца, маляванага неба, саломапляцення, радасці свежага хлеба і местачковых палеткаў”, — акрэсліваюць ідэю “Санцакруга” завадатары.
Сваю брэндавую імпрэзу ў наш век лічыць за гонар заснаваць кожны музей. Мае такую і этнаграфічны комплекс “Млын”, які ўваходзіць у склад гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”. І тут сама прастора — некалькі старадаўніх будыначкаў ды невялічкі пляцтанок паміж імі — ужо задае пэўную драматургію.
Праграма, размеркаваная па дробных зонах, была вытрымана ў камерным музейным фармаце — хаця і танцам пад зухаватыя палескія спевы ў ёй знайшлося месца.
Звычайна ў такіх выпадках музейшчыкі бяруць за аснову народнае свята, адаптаваўшы яго да сучасных варункаў. Але ж тут ідэя цалкам арыгінальная. Выраз “саламяны санцакруг” у інтэрнэт-пошукавіках не сустракаўся — пакуль, вядома, у Сеціве не з’явілася рэклама фэсту.
А вось змест імпрэзы — акурат народны. Гэта даўнія традыцыі, падхопленыя і творча пераасэнсаваныя энтузіястамі з розных куткоў Беларусі — ад Гродзеншчыны да Палесся. Фэст прапаноўваў і батлейкавыя пастаноўкі, і майстар-класы, і лекцыі…
Важная адметнасць у тым, што свята сапраўды было разлічана на сямейную аўдыторыю. І сапраўды — не так і шмат імпрэз, куды бацькі могуць выправіцца з маленькімі дзеткамі, ды каб з усеагульным задавальненнем. Дарослыя слухалі цікавыя думкі даследчыка пра фотаздымкі ў інтэр’ерах вясковых хат або вучыліся чараваць з саломкай. А дзятва ў гэты час не нудзілася і не перашкаджала. Ёй на суседніх пляцоўках прапаноўваліся забаўкі па душы.
З восеньскім сонцам, аднак, не пашчасціла: свяціла ў такую пару года капрызнае. Дожджык, што раз-пораз пачынаў церушыць, прымушаў спантанна карэкціраваць праграму. Майстры павінны былі хаваць свае вырабы, бо саломка ж — матэрыял далікатны. Ды хаця на атмасферу “опэн-эйраў” надвор’е ўплывае нязменна, гэтым разам свята атрымалася незалежна ад яго. Саламянае сонца дажджу не баіцца
Заслаўскія музейшчыкі вырашылі не абмяжоўвацца сваімі сіламі і звярнуліся па дапамогу ў іншыя ўстановы культуры. Калегі адгукнуліся ахвотна: новыя пляцоўкі для прэзентацыі задум ніколі не лішнія.
Прыкладам, музей Якуба Коласа завабліваў дзятву (ды і дарослых таксама) “падарожжам у паралельны сусвет”. Увасоблены ён быў проста — у выглядзе гульні-“хадзілкі”, у якой клетачкі на полі паўтараюць падзеі з жыцця класіка. Мадэратар адразу папярэджвае: ні на якія пытанні адказваць не трэба (гэта многіх спалохала б і адштурхнула б), проста кідай кубік. А біяграфію Коласа супрацоўнік музея сам распавядзе — у папулярнай ды захапляльнай форме.
Думаецца, калі такі геніяльны ход возьмуць на ўзбраенне настаўнікі літаратуры, з цягам часу людзей, не абазнаных у жыццяпісе і творчасці Песняра, наогул не застанецца.
З нагоды фэсту музей прапанаваў і адмысловы выставачны праект — “Забытыя асілкі зямлі беларускай…”. Наведвальнікі маглі пагуляць у здагадкі: чаму ён прысвечаны?
Як высветлілася, ветракам. Аб’ектам, якія нам уяўляюцца вельмі рамантычнымі, хаця ў свой час яны, вядома, былі цалкам утылітарнымі. Як распавялі супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, якія падрыхтавалі гэты “гасцявы” праект, насамрэч ветраныя млыны на беларускіх землях масава распаўсюдзіліся ўжо бліжэй да канца ХІХ стагоддзя — то-бок далёка не ў часы Дон Кіхота.
Ветракоў станавілася больш таму, што ў сельскую гаспадарку пранікалі капіталістычныя адносіны. Адпаведна, і сярод дробнай шляхты, і сярод сялян з’явіліся, сённяшняй мовай кажучы, фермеры. Для іх было важна апрацоўваць зерне ўласнымі сіламі, а не аддаваць ладную частку даходу “нейкаму дзядзьку”. Вось ветракі і зрабіліся аб’ектамі дробнага бізнесу. Тэхнічнай дасканаласцю яны не вылучаліся, эфектыўнасцю таксама — бо моцна залежалі, уласна, ад ветру. Затое — свае.
Экспедыцыі, якія папярэднічалі стварэнню скансэна, зафіксавалі дзясяткі такіх млыноў — іх фота і прадстаўлены на выставе. У 1970-я ветракі яшчэ былі цэлымі — хай сабе зазвычай і без шыкоўных крылаў. А вось сёння большасць ужо не пабачыш — за выключэннем хіба тых, якія сталі музейнымі экспанатамі.
Будынкам комплексу ў Заслаўі — і млыну (там ён паравы), і свірну, і хаце завозніка — пашчасціла. Дзякуючы своечасоваму пераўвасабленню з чыста ўтылітарных аб’ектаў у музейныя яны захаваліся — у адрозненне ад многіх сабратаў. Ды як бы старанна і аўтэнтычна ні арганізоўваліся прасторы экспазіцый, атмасфера ў скансэне, вядома, іншая — музейная. Фэст стаў добрай нагодай зноў напоўніць гэтыя прасторы жыццём. Прычым акурат у музейным фармаце.
Ілья СВІРЫН
Фота аўтара і Глеба БАГДАНАВА