Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 лістапада сабраў нараду па пытаннях правядзення выбараў 2025 года.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, гэта традыцыйнае мерапрыемства ў час старту электаральнай кампаніі. “Задача наша — правесці яе на высокім узроўні. Арганізацыйным перш за ўсё, — заўважыў лідар. — Мы праводзім у Беларусі перадвыбарную кампанію для свайго народа, і інтарэсы нашых людзей павінны быць пастаўлены ў аснову. А не так, як нехта хоча там за мяжой”.
Паводле слоў Прэзідэнта, перадусім неабходна стварыць належныя ўмовы для кандыдатаў і выбарчых камісій, падрыхтаваць выбарчыя ўчасткі. Таксама Аляксандр Лукашэнка нагадаў: яшчэ з савецкіх часоў у краіне прынята, што выбары — гэта свята.
— Хто б нас ні крытыкаваў, людзі прыходзяць на выбары, яны прывыклі да таго, што недзе буфет, музыка іграе і гэтак далей. Зразумела, гэта сфера адказнасці перш за ўсё нашых мясцовых органаў улады, — дадаў лідар.
Прэзідэнт выказаўся і наконт правакацый — інфармацыйных, палітычных ды іншых: “Яны былі, ёсць і будуць. Проста не трэба расслабляцца”. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што кіраўнікоў рэгіёнаў стануць рэгулярна інфармаваць аб сітуацыі, калі выявяцца якія-небудзь небяспечныя тэндэнцыі.
Гаворачы аб спробах расхістаць сітуацыю ў Беларусі, лідар паведаміў, што ўжо выпрацоўваюцца планы. У асноўным напружанне ствараецца за мяжой.
— Яны гатовы і да радыкальных дзеянняў. Значыць, і мы ў адказ павінны быць гатовы рабіць адэкватныя дзеянні, — лічыць Кіраўнік дзяржавы. — Мы вывады з 2020 года зрабілі. Таму будзем дзейнічаць так, як гэта патрэбна нашай краіне і нашаму народу.
Прэзідэнт падкрэсліў, што галоўная дзейная асоба ў падобны перыяд заўсёды кіраўнік ЦВК і яму належыць аказаць неабходную падтрымку.
— Я прашу арыентавацца на яго. Усё, што ён папросіць, мы павінны дапамагчы. Але там, дзе не трэба ўмешвацца, не трэба бегчы наперадзе паравоза. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Менш будуць нас папракаць фактычна, што мы там умешваемся ў ней- кія выбары, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Як заўважыў беларускі лідар, грамадства ў нас адзінае, а эканоміка дэманструе нядрэнныя вынікі. “Але павінен вам сказаць, што будучая пяцігодка няпростая. Няпростая пяцігодка. І, магчыма, нават наступны год. Я заўсёды спрабую ўберагчы грамадства ад якіх-небудзь размоў пра санкцыі. Але іх жа ніхто не адмяняў”, — папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
— Вядома, гэтыя санкцыі так ці інакш уплываюць на эканоміку. Так, мы лагістыку выбудавалі, знайшлі ў асноўным шляхі пастаўкі нашых тавараў і гэтак далей. Але цана вырасла гэтых лагістычных паставак і іншае. Таму прадпрыемствы значна былі б багацейшыя, калі б не было гэтых перашкод. Але і з гэтага будзем знаходзіць адпаведныя выйсці, — заявіў Прэзідэнт.
Галоўнае, канстатаваў ён, — арганізацыя ўнутры краіны.