Масты сяброўства

Апублiкавана: 09 лiстапада 2024 Стужка Музеі не указан Культурная дыпламатыя

Аўтар: Аўтары

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прэзентаваў выставу “Крывёю сэрца” ва Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэце ў Шанхаі. 

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя прысвечана нашым пісьменнікам — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Назву выставе даў зборнік вершаў беларускіх паэтаў, што загінулі падчас ліхалецця. Сімвалічна, што замежным партнёрам праект прадэманстравалі сёлета, калі Беларусь адзначае 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

— Памяць аб вайне, гераічных подзвігах нашых суайчыннікаў на франтах і самаадданай працы ў тыле, смутак аб вялізных стратах рэспублікі духоўна аб’ядноўвае наша грамадства і з’яўляецца адным з галоўных складнікаў гістарычнай свядомасці народа, — лічыць сакуратар праекта, намеснік дырэктара музея па навуковай рабоце Алеся Кузняцова. 

Выстава расказвае пра творцаў, што мужна супрацьстаялі ворагам на перадавой, змагаліся ў партызанскіх атрадах і падпольных арганізацыях, палымянымі радкамі заклікалі да абароны Радзімы. Васіль Быкаў, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Іван Мележ і іншыя класікі — героямі праекта сталі 19 выбітных постацей. Ваенныя старонкі іх біяграфій раскрываюць фотаздымкі, дакументы, ліставанне, копіі разнастайных музейных прадметаў. Акрамя таго, на банерах размешчаны QR-коды, перайшоўшы па якіх гледачы могуць праслухаць і прачытаць работы беларускіх аўтараў у перакладзе на кітайскую мову. 

Экспазіцыя “Крывёю сэрца” — першае звяно ў рэалізацыі праекта “Беларусь і Кітай: літаратурны і культурны дыялог”, што ажыццяўляецца ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэтам. Ініцыятыва ўключана ў план мерапрыемстваў па развіцці двухбаковых адносін паміж краінамі ў сферы культуры на 2024— 2025 гады. 

Кітайскі бок зацікаўлены ў шырокай прэзентацыі беларускай культуры. Мінск таксама з нецярпеннем чакае праектаў, прысвечаных літаратарам з Паднябеснай. Доказам таму служаць дамоўленасці аб арганізацыі абменных выстаў. 

Дарэчы, музей падрыхтаваў і рускамоўную версію праекта “Крывёю сэрца”. Яго ўжо пабачылі наведвальнікі ВДНГ у Маскве. З часовай экспазіцыяй азнаёмілася больш за 50 тысяч чалавек. Чакаецца, што налета яе прэзентуюць у Пушкінскіх Гарах, а таксама ў Азербайджане.