“Алмаз ведаў” сустрэў 7 лістапада з абнаўленнямі. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі запусцілі мадэрнізаваную транспартную сістэму адраснай дастаўкі кніг “Тэлеліфт”.
Ва ўрачыстай цырымоніі паўдзельнічалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч і генеральны дырэктар установы Вадзім Гігін.
Падобную сістэму мае толькі Нацыянальная бібліятэка. Дзякуючы “Тэлеліфту” літаратура з вышыннага кнігасховішча аператыўна дастаўляецца ў чытальныя залы, службова-тэхнічныя і іншыя зоны. Падчас мадэрнізацыі замянілі зношанае абсталяванне, перавялі кіраванне на новую элементную базу.
У выніку абнаўлення тэрмін эксплуатацыі “Тэлеліфта” падоўжаны на 10 гадоў. Апаратура стала больш надзейнай і эфектыўнай. Мяркуецца, што ў перспектыве мадэрнізацыя прывядзе да зніжэння выдаткаў, паскарэння дастаўкі выданняў, павышэння якасці бібліятэчных паслуг.