Пад увагай Першага

Апублiкавана: 06 лiстапада 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Час бязлітасны да ўсяго, у тым ліку і да мемарыялаў. Калі распадаўся СССР, на мяжы 1980—1990-х, галоўнае месца смутку беларусаў па ахвярах Вялікай Айчыннай вайны пачало занепадаць. Пра абавязак памятаць грамадству нагадаў Прэзідэнт.

На заранку 2000-х Аляксандр Лукашэнка загадаў упарадкаваць мемарыяльны комплекс. У 2004 годзе па даручэнні беларускага лідара правялі маштабную рэканструкцыю з элеме-нтамі рэстаўрацыі, стварылі фотадакументальную экспазіцыю. 

Амаль праз 20 гадоў прыйшла пара чарговых абнаўленняў. Іх ініцыятарам таксама стаў Кіраўнік дзяржавы. 16 красавіка 2022-га Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Хатынь, каб падчас рэспубліканскага суботніка паўдзельнічаць у закладцы своеасаблівага парку гістарычнай памяці са 149 дрэў — па колькасці жыхароў, якія загінулі ад рук карнікаў. Ацаніўшы стан комплексу, Прэзідэнт акрэсліў кола задач. 

— У наступным годзе споўніцца 80 гадоў (з дня спалення Хатыні. — Заўв. аўт.), — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Сімвалічна, што мы сёння з вамі далі старт абнаўленню і адраджэнню гэтага помніка. Аказваецца, могілкі вясковыя некалі тут былі, цэркаўка каля іх. І вось яна тут, на гэтым пагорку, проста просіцца, каб мы аднавілі яе, гэтую душэўную драўляную цэркаўку. Вернікі змогуць зайсці, паставіць свечку. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў, што трэба захаваць асаблівую атма- сферу гэтага свяшчэннага для кожнага беларуса месца. Лідар даручыў пабудаваць тут музей і правесці ўсе належныя рэстаўрацыйныя работы. Да справы далучыліся не толькі дзяржструктуры, але і грамадскасць. Згодна з указам Прэзідэнта аб’екты капітальнага рамонту і рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Хатынь” атрымалі статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. 

Магчыма, гэта была самая маштабная рэстаўрацыя за ўвесь час існавання памятнай мясціны. На працы выдаткавалі больш за пяць мільёнаў рублёў. Крыніцамі фінансавання сталі абласны бюджэт і сродкі, заробленыя цягам рэспубліканскага суботніка. 

Буйны праект быў завершаны ў тэрмін. На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу з’явіліся музей і царква. У дзень журботнай гадавіны Прэзідэнт зноў наведаў Хатынь і нагадаў пра абавязак памятаць. 

— Роўна 80 гадоў таму тут спыніўся час: спынілася гісторыя роду беларускіх сем’яў, якія мірна жылі на сваёй зямлі, абарваліся 149 жыццяў старых, жанчын і дзяцей, уключаючы тых, што не паспелі нарадзіцца. Гэтая трагедыя, як і тысячы такіх жа жахлівых злачынстваў, зробленых у гады Вялікай Айчыннай вайны, навечна выбіта ў камені і ў сэрцы беларускага народа, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.