Беларускае хараство ў фарбах

Часовая экспазіцыя па выніках Міжнароднага пленэру па жывапісе “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве” працуе ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава.

Увазе наведвальнікаў — работы 15 аўтараў з Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Туркменістана і Узбекістана. Свае творы прэзентавалі як заслужаныя майстры, так і маладыя мастакі. Выстава ўражвае разнастайнасцю вобразаў і тэхнік. Гэта класічныя пейзажы з відамі абласнога цэнтра і іншых куточкаў рэгіёна, тэматычныя карціны аб ваенным ліхалецці, партрэты выдатных асоб, нацюрморты. 

Асноўныя матывы карцін прадыктаваныя значнымі датамі, што наша краіна адзначае сёлета. Гэта 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 110-годдзе слыннага жывапісца Паўла Масленікава. Такім чынам, удзельнікам пленэру прапанавалі тры тэмы для працы: “П.В. Масленікаў — мастак, воін, патрыёт”, “Праз усё прайшлі і перамаглі”, “Адлюстраванне прыгажосці і прагрэсу”. Цягам двух тыдняў яны знаёміліся з гістарычнымі і культурнымі каштоўнасцямі Магілёўшчыны, актыўна працавалі на свежым паветры. Творцы змаглі заглыбіцца ў гераічнае мінулае Прыдняпроўскага краю і адчуць непаўторую атмасферу гэтай зямлі, асэнсаваць гістарычныя падзеі і захаваць у замалёўках сучасныя сюжэты. 

Міжнародны пленэр па жывапісе ладзіцца ў Магілёўскай вобласці з 1996-га. Ён мае на мэце пашырэнне кантактаў беларускіх мастакоў з замежнымі калегамі, падтрымку рэалістычнага кірунку ў пейзажнай творчасці. За гады правядзення ў форуме прынялі ўдзел каля 600 чалавек з 38 краін.