Іспыты пад сафітамі

Апублiкавана: 03 лiстапада 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Праслухоўванне салістаў і калектываў адбылося ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Свае дасягненні прадэманстравалі студэнты факультэта музычнага і харэаграфічнага мастацтва.

Гэты навуковы, адукацыйны і творчы цэнтр унікальны для краіны. На факультэце рыхтуюць высокакваліфікаваных спецыялістаў для нашай галіны: кіраўнікоў музычных і харэаграфічных калектываў, артыстаў-інструменталістаў, салістаў-вакалістаў, аранжыроўшчыкаў, харэографаў, выкладчыкаў. Будучыя майстры адточваюць уменні ў шматлікіх згуртаваннях. Іх ва ўніверсітэце 27. 

Студэнцкія аб’яднанні рэгулярна ўдзельнічаюць у гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемствах, заваёўваюць узнагароды нацыянальных і замежных конкурсаў. Народную песенную спадчыну зберагаюць і папулярызуюць ансамбль салістаў “Беларуская песня”, вакальна-харэаграфічны ансамбль імя Станіслава Дробыша “Валачобнікі”, фальклорны ансамбль “Грамніцы”. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў кіраўнікі і выхаванцы гэтых калектываў інтэгруюць традыцыйную культуру ў сучаснасць. Далёка за межамі нашай дзяржавы атрымалі прызнанне беларускі народны аркестр, квартэт цымбалістаў, ансамбль Tutti NEXT, аркестр рускіх народных інструментаў. Багаты набытак у канцэртнага аркестра духавых і ўдарных інструментаў “Светач”, камернага хору “Дабравест”, струннага квартэта “Арко”, вакальнага гурта “Універсум”. 

Падчас праслухоўвання калектывы прадэманстравалі размаіты рэпертуар. Адметна, што яго аснову складаюць айчынныя творы. Прагучалі работы беларускіх класікаў Іосіфа Жыновіча, Ігара Лучанка, Дзмітрыя Смольскага. Былі прэзентаваны і кампазіцыі сучасных аўтараў Алены Атрашкевіч, Валерыя Шмата, Яўгена Алейніка. 

Дасягненні студэнтаў ацанілі міністр культуры Анатолій Маркевіч, рэктар Наталля Карчэўская, запрошаныя эксперты з багатым досведам працы ў розных кірунках сцэнічнага мастацтва. Падобныя мерапрыемствы даюць маладым талентам магчымасць заявіць пра сябе, устанавіць зваротную сувязь з вопытнымі адмыслоўцамі.