“Марафон адзінства” працягвае шэсце па краіне. Старт грамадска-культурнай акцыі 17 верасня даў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Маштабны праект распачаўся з горада Маладзечна. Наступным у маршруце быў Гомель. Цяпер эстафету падхапіла сталіца беларускай металургіі Жлобін.
Марафон будзе крочыць па Беларусі амаль паўгода. У кожным пункце прыпынку разгорнецца насычаная двухдзённая праграма. Мэта — максімальна яскрава прадставіць мясцовыя таленты і дасягненні. Гэта ж датычыцца і фінальнага акорда — канцэрта “Час выбраў нас”: ніякіх шаблонаў, асаблівы рэжысёрска-сцэнарны падыход, акцэнт — на канкрэтным горадзе.
“Марафон адзінства” ў Гомелі ладзіўся 18 і 19 кастрычніка. Удзельнікаў, сярод якіх — артысты і топавыя блогеры, пазнаёмілі з прамысловым, турыстычным і культурным патэнцыялам вобласці. Падчас экскурсіі на заводы “Камінтэрн” і “Гомсельмаш” паказалі вытворчыя цэхі і прадукцыю. У Інстытуце лесу НАН Беларусі распавялі пра нашы ўнікальныя зялёныя багацці, а ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі — пра гісторыю краю.
У абласным цэнтры ўрачыста адкрылі новы арт-аб’ект. На мурале, размешчаным на фасадзе дома, адлюстраваны рукі мамы, таты і дзіцяці, якія трымаюць Сінявокую. Пасярэдзіне — слоган: “Будучыня Беларусі ў тваіх руках”. Арт-аб’ект сімвалізуе нашы традыцыйныя каштоўнасці і нагадвае, што мір, бяспека ў краіне залежаць ад кожнага.
“Знакавая сустрэча” прайшла ў фармаце медыясняданку. Спікерамі выступілі міністр інфармацыі Беларусі Марат Маркаў і журналіст Ігар Тур. Галоўная тэма — супрацьстаянне фэйкам. Таксама адбыўся адкрыты дыялог з моладдзю ў рамках праекта “НЯнудная НЯлекцыя”.
Побач з Лядовым палацам шматлікіх удзельнікаў сабраў квэст “Гэта ўсё маё, роднае!”, прысвечаны гісторыі і культуры нашай краіны. Працавалі пляцоўкі грамадскіх аб’яднанняў і прадпрыемстваў, гандлёвыя рады.
Падчас марафону разгарнуўся і шэраг выстаў. Праект “Кнігі ў дар Прэзідэнту” прадэманстраваў калекцыю выданняў, паднесеных Аляксандру Лукашэнку ўрадамі іншых краін, грамадскімі, культурнымі дзеячамі. Сярод экспанатаў — унікальныя асобнікі са збораў Нацыянальнай і Прэзідэнцкай бібліятэк, а таксама з Палаца Незалежнасці.
Актуальнай была і выстава рарытэтных плакатаў “Са знакам якасці”. На ёй прадставілі творы, што натхняюць на сумленную працу.
На 11 стэндах часовай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны “Вызваленне Беларусі. Верасень 1943 г. — ліпень 1944 г.” — фатаграфіі, дакументы, копіі газет. Асобны стэнд прысвяцілі палявой пошце.
Дзве выставы прэзентавала БелТА: “Беларусь. Узлёт” і “Суверэнная Беларусь”. Праекты распавялі пра 30-гадовы шлях і дасягненні нашай незалежнай рэспублікі ў палітычнай, грамадскай, эканамічнай сферах.
Кульмінацыяй двухдзённай праграмы ў Гомелі стаў канцэрт “Час выбраў нас”. На пачатку да гасцей звярнуўся Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. Ад імя Аляксандра Лукашэнкі ён зачытаў гамяльчанам шчырыя словы прывітання.
— Давайце паважаць, давайце шанаваць нашы каштоўнасці, падтрымліваць нашу культуру, берагчы нашу гісторыю і захоўваць адзінства нашай нацыі перад тварам любых цяжкасцей. І тады ўсё ў нас атрымаецца, — сказаў Дзмітрый Крутой.
Канцэрт арганічна спалучыў выступленні калектываў і салістаў з Гомельшчыны ды прыезджых артыстаў, якія распавялі аб дасягненнях Беларусі і падкрэслілі ўнікальнасць і самабытнасць вобласці.
Прагучала кампазіцыя “Славянскае сузор’е” Алены АсташкінайМысліўчык у выкананні Мікалая Лукашэнкі і аўтара. Нумар суправаджаўся відэа, што раскрывала тэму гістарычнага адзінства беларусаў ды іх імкнення захаваць і ўмацаваць суверэнітэт краіны, забяспечыць мірнае жыццё ў будучыні. Эмацыйнае выступленне выклікала авацыі залы.
З удзячнасцю апладзіравала публіка і Беларускаму дзяржаўнаму ансамблю “Песняры”, гуртам “Аўра” і Cosa Nostra, народнаму артысту Беларусі Мікалаю Скорыкаву, заслужанай артыстцы Рэспублікі Беларусь Ірыне Дарафеевай і сотням іншых выканаўцаў, якія выйшлі ў той вечар на сцэну.
Прадстаўнік рабочай групы па правядзенні “Марафону адзінства”, дырэктар Палаца Рэспублікі Максім Прыхадоўскі падзякаваў вялікай камандзе арганізатараў і падкрэсліў: без удзелу Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, БРСМ, аблвыканкамаў зладзіць акцыю на такім высокім узроўні было б немагчыма.
— Усе разам мы вырашаем адну агульную задачу — паказаць рознабаковасць нашай культуры, нашай краіны, яе ўнікальнасць і зрабіць так, каб людзі ў рэгіёнах гэта ўбачылі, — адзначыў Максім Прыхадоўскі. — Прэзідэнт Беларусі сказаў, што “Марафон адзінства” — падарунак для ўсіх, хто жыве ў рэгіёнах. Мы пастараліся гэты падарунак паднесці максімальна адкрыта і ярка.
Святлана ЧЭКАЛАВА