Эстафета працягваецца

Апублiкавана: 01 лiстапада 2024 Стужка Музыка Гомель і вобласць

Аўтар: Аўтары

Грамадска-культурная акцыя “Марафон адзінства” ў Жлобіне ладзілася 25 і 26 кастрычніка. Яркія спікеры, займальныя сустрэчы і экскурсіі, самабытная канцэртная праграма ды многае іншае — усё ў найлепшых традыцыях праекта.

Першы дзень быў прысвечаны знаёмству гасцей са знакавымі прамысловымі аб’ектамі і славутасцямі Жлобінскага краю. Не абышлося і без пазнавальных “НЯнудных НЯлекцый”, якія ў гэты раз зладзілі для навучэнцаў каледжа сферы абслугоўвання і металургічнага каледжа. Шэраг святочных мерапрыемстваў працягнуўся ўзнагароджаннем пераможцаў конкурсу малюнка “Мы разам” і рэспубліканскага конкурсу твораў на тэму “Што такое адзінства”. На Беларускім металургічным заводзе паспяхова стартаваў праект “Адну справу робім”, накіраваны на ўмацаванне супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі-партнёрамі. 

Запомніўся яркімі падзеямі і другі дзень акцыі: урачыстае адкрыццё мурала “Будучыня Беларусі ў тваіх руках”, жывы дыялог з заснавальнікам гурта “Аўра” Яўгенам Алейнікам, заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь, і салісткай калектыву Юліяй Быкавай у рамках “Знакавай сустрэчы”, гарадскі квэст “Гэта ўсё маё роднае”. Шматлюдна было і побач з Лядовым палацам. Там размясцілася перасоўная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

Кульмінацыяй святочнай праграмы стаў яркі канцэрт “Час выбраў нас”, які сабраў найлепшых артыстаў нашай краіны. 

Эстафету акцыі далей падхопіць Брэсцкая вобласць: 8 лістапада марафон завітае ў Пінск.