Па стане на 16-ю гадзіну 31 кастрычніка Цэнтральнай выбарчай камісіяй Рэспублікі Беларусь зарэгістраваны чатыры ініцыятыўныя групы грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты.
Пад першым нумарам была зарэгістравана ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі. Яго кандыдатура і прадстаўленыя дакументы цалкам адпавядаюць Канстытуцыі і Выбарчаму кодэксу.
Пазней, 31 кастрычніка, таксама зарэгістравалі тры ініцыятыўныя групы грамадзян па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у Прэзідэнты — Вольгі Чамаданавай, Аляксандра Хіжняка і Алега Гайдукевіча. Яшчэ дзвюм групам было адмоўлена ў рэгістрацыі праз непрадстаўленне спісу членаў ініцыятыўнай групы ў адным выпадку, у другім — праз накіраванне дакументаў па электроннай пошце, што не прадугледжана заканадаўствам.
Акрамя таго, у ЦВК пададзены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп Дзіяны Кавалёвай, Сяргея Бобрыкава і Ганны Канапацкай.
Збор подпісаў пройдзе з 7 лістапада па 6 снежня, а рэгістрацыя кандыдатаў — з 22 па 31 снежня ўключна. З 1 па 25 студзеня 2025 года адбудзецца перадвыбарная агітацыя і інфармаванне выбаршчыкаў. З 21 па 25 студзеня правядуць датэрміновае галасаванне. 26 студзеня — асноўны дзень галасавання на выбарах.