Апоўдні 22 кастрычніка 1944 года ў Доме прафсаюзаў на сталічнай плошчы Свабоды адкрыліся дзве экспазіцыі — “Узбраенне беларускіх партызан” і “Бальшавіцкі друк Беларусі ў дні Вялікай Айчыннай вайны”. Гэты момант лічыцца пачаткам гісторыі галоўнай нацыянальнай скарбніцы, што зберагае памяць пра ліхалецце.
Калекцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны была заснавана яшчэ ў 1942-м. Будучыя экспанаты наўпрост з фронту адпраўлялі ў адмысловую камісію. Неўзабаве пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбылося афіцыйнае адкрыццё ўстановы.
У такі ж дзень праз 80 гадоў музей зноў сабраў мноства людзей — на юбілейныя ўрачыстасці ўжо ў сучасным будынку. На свята завіталі шматлікія ганаровыя госці: прадстаўнікі дзяржаўных органаў, замежныя партнёры, былыя супрацоўнікі, што цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку.
Музей — скарбніца ведаў для тых, хто хоча і ўмее здабываць мудрыя ўрокі з мінулага.
Віншаванне калектыву даслаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, пачаўшы сваю гісторыю адразу пасля вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, установа стала сімвалам барацьбы, мужнасці і самаахвярнасці беларускага народа, яго непакорнасці ворагу.
— Унікальныя экспазіцыі залаў, разнастайныя праекты і праграмы музея беражліва захоўваюць памяць пра бессмяротны подзвіг Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў, усіх, хто набліжаў Вялікую Перамогу, — гаворыцца ў віншаванні. — Сёння ўстанова з гонарам процістаіць фальсіфікацыі гістарычнай праўды аб Другой сусветнай вайне. Нагадваючы чалавецтву аб тых трагічных падзеях, выхоўвае падрастаючае пакаленне на ідэях роўнасці, чалавекалюбства і мірнага суіснавання народаў.
Віншавальны адрас ад Прэзідэнта зачытаў міністр культуры Анатолій Маркевіч. Ён жа ўручыў Ганаровыя граматы і Падзякі ведамства.
— На страшных і гераічных падзеях мы абавязаны выхоўваць наша падрастаючае пакаленне. І сёння, калі вайна ходзіць каля нашых меж, мы яшчэ ў большай ступені ўсведамляем: самае галоўнае на Зямлі — гэта мір і спакой! І прыходзячы ў гэтае сакральнае месца, мы набіраемся энергіі нашых пераможцаў! І, як яны, стаім на варце свабоды, незалежнасці, міру і спакою нашай любімай Беларусі, — зазначыў падчас выступлення Анатолій Мечыслававіч.
Распачала ж святочную праграму тэатралізацыя адкрыцця першай экспазіцыі. З дапамогай дэкарацый аднавілі атмасферу тых часоў. Атрымаўся своеасаблівы імерсіўны тэатр.
Гісторыі стварэння і развіцця ўстановы прысвяцілі часовую экспазіцыю “Музей, якому служыш”, што разгарнулася ў галерэі мастацтваў. Праз фатаграфіі, дакументы і артэфакты супрацоўнікі раскрылі шматгадовы шлях ад першых калекцый да сучаснасці. Некаторыя з каштоўных прадметаў у фонды перадалі нашчадкі легендарных маршалаў Канстанціна Ракасоўскага, Алега Лосіка і Васіля Сакалоўскага.
— Сярод тых, хто ствараў першыя выставы, былі і падпольшчыкі і партызаны. Многія не мелі гістарычнай адукацыі, але валодалі адзіным памкненнем: зберагчы вялікую спадчыну, — адзначыў дырэктар музея Уладзімір Варапаеў. — За 80 гадоў змянілася многае, але галоўная задача засталася ранейшай — захоўваць памяць аб неўміручым подзвігу народаў Савецкага Саюза!
Дзейнасць музея накіравана на захаванне, вывучэнне і прапаганду дакументальных і матэрыяльных сведчанняў аб подзвігу і ахвярах беларускага народа ў гады вайны.
Кульмінацыяй святкавання стала цырымонія пад купалам Залы Перамогі. Завяршыла праграму ўскладанне кветак да стэлы “Мінск — горад-герой”.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА