Найбуйнейшы кінафестываль Беларусі пройдзе ў сталіцы з 1 па 8 лістапада. Галоўнай тэмай сёлетняга “Лістападу” стане стагоддзе айчыннага кіно.
Як адзначыла начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга, цікавасць да падзеі надзвычай вялікая: на ўдзел у юбілейным, трыццатым фестывалі паступіла больш за тры тысячы заявак з 124 краін. Паспрыяла гэтаму выдатная рэпутацыя форуму, які ў гэтым годзе пройдзе пад слоганам “Кіно са знакам якасці”.
— Наша дырэкцыя імкнецца зрабіць усё магчымае, каб фестываль праславіўся не толькі насычанай высокамастацкай праграмай, але і беларускай утульнасцю, спакоем і гасціннасцю, — падкрэсліла Ірына Дрыга.
Урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця адбудуцца ў Палацы Рэспублікі. Імпрэзы наведаюць не толькі кіназоркі, прадстаўнікі дзяржаўных ведамстваў, журналісты ды іншыя ганаровыя госці, але і ўсе ахвотныя аматары кіно. Білеты ўжо ў свабодным продажы.
"Усё, што нам здаецца святлом", рэж. Паял Кападыя (Францыя, Індыя, Нідэрланды, Люксембург, Італія)
Распачне паказы беларуска-расійская стужка “Чорны замак” паводле рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”, а завершыць праграму фільм, што атрымае ўзнагароду Прэзідэнта “За гуманізм і духоўнасць у кіно”.
Галоўныя пляцоўкі фестывалю — найстарэйшыя сталічныя кінатэатры. Сеансы асноўнага конкурсу ігравых фільмаў адбудуцца ў “Цэнтральным”. Як паведаміў праграмны дырэктар Дзмітрый Марынін, там прадэманструюць унікальныя карціны, ліцэнзіі на якія імкнуцца займець многія сусветныя кампаніі. Да прыкладу, публіка ўбачыць “Усё, што нам здаецца святлом”, удастоены Гран-пры 77-га Канскага кінафестывалю, і “Снег у маім двары”, адзначаны прызам за найлепшую рэжысуру на Шанхайскім кінафестывалі.
Усяго адабрана 18 стужак з 17 краін. Іх будзе ацэньваць журы на чале з кітайскім акцёрам і прадзюсарам Лей Ханем. Таксама ў лік суддзяў увойдуць генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства “Кінавідэапракат” Уладзімір Карачэўскі, расійскі прадзюсар і рэжысёр Ігар Угольнікаў, іранская рэжысёр Нушын Мераджы, сербская актрыса і рэжысёр Івана Жыган, дырэктар кінафестывалю ў Пусане Кім Джын Хэ, расійскі кіна- знаўца Аляксандр Семянюк.
Што да конкурсу неігравога кіно, паказы ў “Піянеры” адкрые стужка “Залатая эпоха”. Карціна раскажа пра самы насычаны перыяд у гісторыі беларускага кіно. Яна ўключае інтэрв’ю з выдатнымі творцамі тых часоў і хранікальныя кадры са здымачных пляцовак.
— Мы выбіралі фільмы, сюжэты якіх блізкія кожнаму беларусу, — зазначыў праграмны дырэктар Аляксандр Пятровіч. — Таму не змаглі прайсці міма карцін, што закранаюць тэму Вялікай Айчыннай вайны. Так, стужка “Вяртанне” апавядае пра людзей, што сумесна шукаюць інфармацыю аб лётчыках, якія загінулі ў першыя дні сутыкнення з ворагам.
У “Піянеры” таксама прадэманструюць карціны для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі ў рамках конкурсу “Лістападзік”. Адкрыецца праграма яркай прэм’ерай беларускага рэжысёра Алены Туравай “Песня Сірын”. Для аматараў анімацыі расчыніць свае дзверы кінатэатр “Беларусь”. Гледачоў чакаюць 50 кароткаметражных карцін.
Работы перспектыўных удзельнікаў фестывалю можна ўбачыць у “Перамозе”. У праграме “Кіно маладых” шмат займальных прэм’ер.
"Песня Сірын", рэж. Алена Турава (Беларусь)
— Ёсць стужкі, якія паспелі зарэкамендаваць сябе на прэстыжных міжнародных кінафестывалях, напрыклад у Берліне і Венецыі. Ключавыя матывы гэтых твораў — пошукі сябе і свайго месца ў жыцці. Многія фільмы знятыя далёка за межамі нашай краіны, але праблемы, якія ўзнімаюць аўтары, будуць зразумелыя і беларускаму гледачу, — расказала праграмны дырэктар конкурсу Яўгенія Габец.
Праграма фестывалю не вычэрпваецца конкурснымі сеансамі. Запланаваны паказы карцін, якія раней заваявалі Гран-пры “Лістападу”, а таксама работ партнёраў (“Масфільма”, “Ленфільма”, “Саюзмультфільма” ды іншых), майстар-класы для студэнтаў і выкладчыкаў, творчыя сустрэчы, дабрачынныя акцыі. Дарэчы, адну з адукацыйных сустрэч — па мастацкай пастаноўцы — правядзе старшыня журы конкурсу анімацыйных фільмаў Такумі Тандзі, які ўдзельнічаў у стварэнні сусветна вядомых шэдэўраў японскай мультыплікацыі.
Беларускі саюз кінематаграфістаў прэзентуе выставы, прысвечаныя мастакам тэатра і кіно. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі зладзяць круглы стол з прадстаўнікамі кінакампаній, удзельнікамі творчых кінапраектаў Беларусі і ганаровымі гасцямі фестывалю.
Ёсць сёлета нямала яркіх новаўвядзенняў. Змяніўся дызайн прызоў, якія сталі больш кампактнымі. У “Перамозе” адбудуцца Дні нацыянальнага кіно Індыі, Ірана, Пакістана, Узбекістана, Зімбабвэ, Рэспублікі Саха (Якуція). Гэта цудоўная магчымасць пазнаёміцца з карцінамі, якія беларускі глядач пакуль успрымае як нешта экзатычнае.
Акрамя таго, у праграму вярнуліся два конкурсы. У нацыянальным удзельнічаюць карціны айчынных рэжысёраў, а ў конкурсе нацыянальных кінашкол — працы студэнтаў кінематаграфічных ВНУ.
Па традыцыі фестывальныя фільмы пакажуць не толькі ў Мінску, але і ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ