Ведай нашых!

Апублiкавана: 30 кастрычнiка 2024 Стужка Музыка Мінск Падзеі

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Тры залатыя медалі і адзін срэбны заваявалі беларусы на Першых адкрытых дзіцячых Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД у сталіцы Кыргызстана.

Усяго ў маштабным творчым мерапрыемстве паўдзельнічала каля 550 юных талентаў ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў і больш за 40 вядомых дзеячаў культуры і мастацтва з васьмі краін. Спаборніцтвы праходзілі з 1 па 4 кастрычніка пад патранатам Міжнароднага Дэльфійскага камітэта. 

Па выніках конкурснай праграмы залатыя медалі ў скарбонку беларускай дэлегацыі прынеслі Кірыл Белацаркоўскі — намінацыя “фартэпіяна”, Сафія Шкулепа — “скрыпка” (абое — навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі) і Багдана Філіповіч — “народныя спевы” (Дзіцячая школа мастацтваў №2 г. Мінска). Сярэбраны медаль у намінацыі “народны танец” заваяваў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Сузор’е” з Салігорска. А вучань Дзіцячай школы мастацтваў №3 г. Віцебска Мацвей Маліноўскі атрымаў спецыяльны дыплом у намінацыі “выяўленчае мастацтва”. 

Ансамбль танца "Сузор’е"

Першыя адкрытыя дзіцячыя Дэльфійскія гульні дзяржаў — удзельніц СНД праводзіліся ў адпаведнасці з пастановай Пастаяннай камісіі Міжпарламенцкай Асамблеі Садружнасці Незалежных Дзяржаў па навуцы і адукацыі ад 26 кастрычніка 2023 года і рашэннем Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 15 лістапада 2023 года. Яны накіраваны на развіццё Дэльфійскіх гульняў як вышэйшага форуму мастацтваў, захаванне і развіццё нацыянальных культур, заахвочванне міжкультурнага дыялогу, умацаванне сувязяў паміж краінамі СНД і падтрымку прафесійнага росту маладых дзеячаў культуры. 

Гульні складаліся з конкурснай і фестывальнай праграм. Конкурсная ўключала намінацыі “фартэпіяна”, “скрыпка”, “класічная гітара”, “выяўленчае мастацтва”, “эстрадныя спевы”, “народны танец”, “народныя спевы”, “дыджэінг”. 

Фестывальная праграма ўвабрала выканальніцтва на народных інструментах, мастацкія рамёствы і песні на жэставай мове. Удзельнікі спаборнічалі ў два туры. Іх выступленні ацэньвала журы, якое складалася з выбітных дзеячаў культуры, адукацыі і навукі. 

Наталія Кароціна, дырэктар Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: 

— Для нашых выхаванцаў удзел у такім прэстыжным творчым спаборніцтве — шанц праявіць сябе і паказаць усё, чаму мы іх навучылі. Калі казаць пра залатыя медалі, то гэта прызнанне таленту навучэнцаў, вынікаў працы выкладчыкаў і высокага ўзроўню музычнай адукацыі ў нашай краіне. 

Кірыл Белацаркоўскі і Сафія Шкулепа з’яўляюцца пераможцамі многіх конкурсаў і ўладальнікамі заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Яны кожны раз мэтанакіравана рыхтуюцца і годна сябе паказваюць. Гэтым разам нашы пераможцы атрымалі вялікі досвед. Нягледзячы на працяглы авіяпералёт і розніцу ў часе, здолелі хутка пераладзіцца. Іх узровень быў заўважаны журы з першых жа хвілін выступленняў. 

Важна адзначыць, што гімназія-каледж не першы раз паспяхова ўдзельнічае ў міжнародных спаборніцтвах. І асабліва хочацца падкрэсліць, што найбольш плённымі для нас з’яўляюцца намінацыі “скрыпка” і “фартэпіяна”.

Вадзім Матанцаў, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца “Сузор'е” Палаца культуры г. Салігорска: 

— У жніўні нас узрадавалі, што мы адабраныя для ўдзелу ў гульнях. За месяц мы паставілі тры новыя харэаграфічныя кампазіцыі. У адпаведнасці з умовамі, трэба было прадставіць журы два нумары беларускай народнай харэаграфіі з элементамі фальклору і адзін — на народную тэму іншай краіны. У першым туры мы паказалі беларускія танцы “Падсеван” і “Кросны”. А ў другім —“Кросны” і харэаграфічную кампазіцыю “Вензелі” па матывах рускіх народных танцаў і арнаменту. У “Кроснах” мы прадэманстравалі харэаграфічнае ўвасабленне працэсу ткацтва, які ў народнай традыцыі меў не толькі прыкладное, але і містычнае значэнне. 

У Бішкек паехалі 10 хлопчыкаў і дзяўчынак нашага ансамбля ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў. Практычна для ўсіх гэта было самае вялікае падарожжа ў жыцці. 

Мы ляцелі з Мінска з перасадкай у Маскве. Атмасфера ў Кыргызстане была чароўнай. Нам арганізавалі экскурсію ў горы. Дзеці пазнаёміліся з аднагодкамі з розных краін, абмяняліся кантактамі і цяпер актыўна перапісваюцца. 

Трэба сказаць, што “Сузор’е” актыўна ўдзельнічае ў конкурснай дзейнасці. Мы ездзім і выступаем як па Беларусі, так і за мяжой. Лічым вялікай удачай сваю перамогу ў нацыянальным адборы да ўдзелу ў адкрытых дзіцячых Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД, што праводзіла Міністэрства культуры Беларусі. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб апраўдаць высокі давер, які нам аказала дзяржава.

Віктар ГАЎРЫШ